Работнікам прадпрыемства рэкамендуюць аформіць банкаўскія карты ўнутранай плацежнай сістэмы Беларусі БЕЛКАРТ. Гэта частка прэвентыўных мерапрыемстваў ва ўмовах санкцый ад Захаду, паведаміла кіраўніцтва «Гродна Азот» на аператыўнай нарадзе.

З чацвярга, 3 сакавіка, на прадпрыемстве будуць працаваць супрацоўнікі банкаў. У заводакіраўніцтве «Гродна Азот» — з 12.30 да 14.00 (корпус 120), у заводакіраўніцтве «Хімвалакно» — з 10.00 да 12.00.

На думку кіраўніцтва, карты БЕЛКАРТ гарантуюць своечасовае і аператыўнае рух грошай па рахунках.

Што такое БЕЛКАРТ?

БЕЛКАРТ гэта плацежная сістэма, то бок набор правілаў і працэдур, па якім становіцца магчымым перавод грошай. Банкі Беларусі выдаюць плацежныя карткі трох сістэм — нацыянальнай БЕЛКАРТ і міжнародных Visa і MasterCard. Карты сістэмы БЕЛКАРТ дзейнічаюць толькі на тэрыторыі Беларусі. Карты Visa і MasterCard прымаюцца больш чым у 200 краінах. На долю БЕЛКАРТ на пачатак 2022 года прыпадае 22,5% рынку Беларусі.

Санкцыі супраць «Гродна Азот» і банкаў

ЗША аднавілі санкцыі супраць «Гродна Азот» у красавіку 2021 года. Асобна ў жніўні 2021 года трапіў пад амерыканскія санкцыі дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У снежні 2021 года прадпрыемства трапіла пад пяты пакет санкцый Еўрасаюза. «Гродна Азот» патрабуе адмены санкцый праз Міжнародную арганізацыю працы.

У сувязі з наступам Расіі на тэрыторыю Украіны расійскія банкі патрапілі пад замежныя санкцыі. Абмежаванні закранулі і беларускія банкі, праблемы з’явіліся ў «дачок» расійскіх банкаў у Беларусі. На 2 сакавіка вядома, што ЕС адключыў ад SWIFT сем расійскіх банкаў і забараніў прадаваць у Расію еўра. У спісе ВТБ, «Россия», «Открытие», «Новикомбанк», «Промсвязьбанк», «Совкомбанк» и ВЕБ. Праблема ужо ёсць і ў беларускіх трымальнікаў картак банка ВТБ. Ім недаступная безнаяўная аплата ў крамах і інтэрнэце, зняцце наяўных у банкаматах іншых банкаў.