Заблакаваць Facebook на тэрыторыі Беларусі прапанаваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у праграме «Клуб рэдактараў» на канале «Беларусь 1». Прычынай назвалі змены ў палітыцы мадэрацыі ў сацсетцы.

Ідэю звязалі з тым, што кампанія Meta (уладальнік Facebook і Instagram) часова дазволіла не блакаваць у некаторых краінах заклікі да гвалту ў дачыненні да расейскіх вайскоўцаў. Таксама не будуць выдаляць пажаданні смерці Уладзіміру Пуціну і Аляксандру Лукашэнку, калі не апісаны спосаб смерці. Гэтае правіла дзейнічае, калі ў паведамленні гаворыцца пра ўварванне ва Украіну, піша Reuters.

Іван Эйсмант назваў гэта падрыхтоўкай глебы для генацыду. «Цукерберг [сузаснавальнік кампаніі - Hrodna.life] - гэта Гітлер 21 стагоддзя. Павінна гэтая сетка быць закрытая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да іх павінна быць распачата крымінальная справа», — цытуе яго БелТА.

«І мы павінны з Расіяй не проста заблакаваць так, каб потым праз нейкія праграмы хтосьці заходзіў. Ім няма чаго тут рабіць. Мы павінны гэты смецце прыбраць», — дадаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

Мeta: змены тычацца толькі Украіны

У Мeta растлумачылі змены ў дачыненні да мовы нянавісці ў сацсетках. Прэзідэнт кампаніі па міжнародных справах Нік Клег удакладніў, што новая палітыка накіравана на абарону правоў людзей на свабоду слова як выраз самаабароны ў адказ на ваеннае ўварванне ў іх краіну. «Рэч у тым, што калі б мы ўжывалі нашу стандартную палітыку ў дачыненні да кантэнту без якіх-небудзь карэктаванняў, мы б зараз выдалялі кантэнт ад простых украінцаў, які выказвае іх супраціў і лютасьць у дачыненні да ўзброеных сіл, якія ўварваліся», — заявіў ён. Палітыка кампаніі ў дачыненні да распальвання нянавісці да рускага народа не змянялася. Змены ўжываюць толькі ў самой Украіне.

У кампаніі стварылі спецыяльны аперацыйны цэнтр. У ім эксперты кампаніі, у тым ліку носьбіты рускай і ўкраінскай моваў, кругласутачна сочаць за платформай. Гэта дазваляе рэагаваць на праблемы ў рэжыме рэальнага часу.

Ва Украіне і Расіі дадалі некалькі функцый бяспекі, у тым ліку магчымасць для людзей блакаваць свой профіль у Facebook, выдаляць магчымасці прагляду і пошуку спісаў сяброў, а таксама дадатковыя інструменты ў Messenger.

У рамках барацьбы з распаўсюджваннем дэзінфармацыі ўведзеныя абмежаванні ў дачыненні да кантраляваных дзяржавай сродкаў масавай інфармацыі.

У Расіі Facebook — усё, Instagram засталося на два дні

Генпракуратура Расіі хоча прызнаць Meta «экстрэмісцкай арганізацыяй». Следчы камітэт краіны распачаў крымінальныя справы супраць супрацоўнікаў кампаніі за публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і садзейнічання тэрарыстычнай дзейнасці.

Facebook у Расіі заблакавалі ўжо 4 сакавіка. З 14 сакавіка па рашэнні Роскамнагляду на тэрыторыі краіны заблакуюць і Instagram. Пра гэта стала вядома 11 сакавіка. Дзяржава вырашыла даць карыстальнікам двое сутак для пераносу фота- і відэакантэнту ў іншыя сацыяльныя сеткі.

Чытайце таксама: