Актывістка «Інфаспецназ» Вольга Бондарава хацела правесці аўтапрабег у падтрымку сілавікоў і падала заяву ў Гродзенскі гарвыканкам. Улады не ўзгаднілі мерапрыемства. Пра гэта яна распавяла ў сваім Telegram-канале, выклаўшы адпаведныя дакументы.

«Пагутарыўшы з прадстаўніком гарадской ідэалогіі, накіравала заяўку на правядзенне аўтапрабегу. Сябры, раней не атрымаецца ніяк, мяркуючы па настроях, якія пануюць у гарвыканкаме. Скажу больш: ёсць вялікія сумневы, што і гэты патрыятычны аўтапрабег зарэжуць, спаслаўшыся на якую-небудзь непераадольную прычыну. Дай Бог, каб я памылялася!» — напісала Вольга ў канале 11 сакавіка.

Вользе Бондаравай 39 гадоў. Яна прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца і Вадзіма Плаўскага. Здымала на відэа паразвешваныя ў Гродна стужкі, налепкі і сцягі, аб чым распавядала ў Telegram-канале.

Хацела падтрымаць сілавікоў Беларусі і Расіі

Аўтапрабег планаваўся 26 сакавіка. Прыняць удзел у ім павінны былі каля 20 аўтамабіляў. Мэта мерапрыемства — «выказаць падтрымку работнікам сілавых структур Беларусі і Расіі ў іх працы па абароне правапарадку». Вольга планавала выдаткаваць на яго сродкі з асабістых зберажэнняў.

Вольга прасіла дазволіць правесці аўтапрабег па маршруце: Абласная філармонія — вул.Маставая — вул. К. Маркса — праспект Касманаўтаў — вул. Белуша — Усходні мост — праспект Я. Купалы — вул. Суворава — вул. Л. Чайкінай — вул. В. Соламавай — вул. Вясновая — БЛК — вул. Дубко — вул. Дзяржынскага — вул. Курчатава — вул. Таўлая — вул. Брыкеля — Курган Славы. Там хацелі ўрачыста ўскласці кветкі.

За пазіцыю падзякавалі, але аўтапрабег не ўзгаднілі

Адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Андрэя Болтрыка прыйшоў 17 сакавіка. Гродзенскі гарвыканкам падзякаваў Вользе за «актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавае стаўленне да грамадска-палітычных падзей, што адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь». Але не дазволіў правесці аўтапрабег праз рамонт дарог у горадзе — у тым ліку на Румлёўскім мосце. У гарвыканкаме прапанавалі ёй далучыцца да святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці.

Яе падпісчыкі ў каментарах вырашылі, што прычынай адмовы з’яўляецца «польскі душок» сярод гродзенскай улады, і разважаюць, ці будзе на іх управа.

Чытайце таксама: