Навіны

«Вы свядомы — затрымліваць вас не будзем». На хірурга з Гродна паскардзіліся з «хіміі» — ён атрымаў штраф

Лекара-хірурга з Гродна Сяргея Батаева нечакана выклікаў участковы. Аказалася, на яго старонцы знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і паскардзіліся на лекара ў міліцыю. Адным выклікам да ўчастковага не абышлося: пазней Сяргея выклікалі ў РАУС, адтуль адвезлі ў суд і аштрафавалі на 25 базавых велічынь (800 рублёў).

Сяргей Батаеў - урач-хірург з Гродна. Працуе, «як і многія», на чатырох працах: асістэнтам на кафедры хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, вучыць медыцыне студэнтаў-замежнікаў на англійскай мове, урачом-хірургам у Гродзенскай універсітэцкай клініцы, урачом-практолагам медцэнтра ЛОДЭ. Жанаты, трое дзяцей.

 — Чалавек я сумленны, усе акаўнты ўсюды адкрытыя, заўсёды кажу і пішу, што думаю і адчуваю. Усё было добра, ну, наколькі цяпер можа быць, да пятніцы 18 сакавіка, — распавёў Сяргей Hrodna.life.

18 сакавіка яго выклікаў участковы у «апорку» для тлумачэнняў. Сяргей праходзіць перарэгістрацыю паляўнічай стрэльбы, таму вырашыў, што яго выклікалі па гэтым пытанні. У апорным пункце аказалася, што справа не ў гэтым. На Сяргея паступіў «сігнал» з папраўчай установы адкрытага тыпу № 24 на вуліцы Лідскай, падпісаны часова выконваючым абавязкі начальніка. Да таго дня медык нават не ведаў пра існаванне ўстановы.

Сяргей Батаеў. Фота: сацсеткі героя

У рапарце было паведамленне, што падчас маніторынгу інтэрнэту ў сацсетках Сяргея знайшлі «непрымальны кантэнт» у выглядзе некаторых публікацый і падпісак на «Б**сат», «Страну для жизни», «Z**kalo.io». Сяргей даў тлумачэнні і падпісаў паперу аб тым, што з ім правялі гутарку, і што ён «ведае, што такое экстрэмізм і г.д».

«Вы свядомы — явіцеся самі»

На гэтым справа не скончылася. У нядзелю 20 сакавіка, пакуль лекар быў на дзяжурстве, яму патэлефанаваў участковы і паведаміў, што прынятая пастанова аб яго адміністрацыйным арышце. «Я ў шоку, ён кажа: «Вы свядомы — затрымліваць вас не будзем, явіцеся самі ў панядзелак на Гая».

Сяргей сабраў рэчы — як яму параілі на ўсялякі выпадак, і прыйшоў у Кастрычніцкі РАУС 21 сакавіка. У яго канфіскавалі тэлефон, далі падпісаць дакументы і адвезлі ў суд Кастрычніцкага раёна, дзе лекара судзіў суддзя Максім Галубовіч. Усё было «вельмі імкліва і хутка».

«Спытаў, як я стаўлюся да фашызму, і што б было, калі б я размясціў свастыку на старонцы. У апраўданне я сказаў, што нічога не захоўваў і не распаўсюджваў, а проста быў падпісаны. Але ў ходзе ўсяго зразумеў, што калі адкрыты акаунт — любы можа зайсці і паглядзець, і гэта прыраўноўваецца да распаўсюджвання», — распавёў аб пасяджэнні Сяргей. Ён адзначыў у судзе, што быў падпісаны на гэтыя каналы да рашэння судоў аб прызнанні іх экстрэмісцкімі.

«Вам гэта трэба?»

Таксама суддзя спытаў пра пост Сяргея супраць вайны ва Украіне. «Там былі словы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь» і «акупанты гоу хоўм». Я сказаў, што нічога дрэннага не ўгледзеў у словах з гімна суседняй брацкай краіны, радка з верша Купалы. А пра акупантаў - гэта маё асабістае меркаванне на тое, што адбываецца, і Канстытуцыя не забараняе. Ён толькі заўважыў, што мне 45 гадоў і ў мяне трое дзяцей, і, тыпу, вам гэта трэба?" — распавёў медык.

Адразу ж вынеслі рашэнне суда па ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сяргей заплаціць штраф у 25 базавых велічынь (800 рублёў). Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон коштам 900 рублёў - як прыладу здзяйснення правапарушэння.

«Каму я так перашкодзіў»

Асцерагаючыся арышту, Сяргей узяў адпачынак за свой кошт — не хацеў, каб аб позвах даведаліся на рабоце. У бліжэйшы час ён плануе закрыць сацсеткі.

— Гісторыя вельмі цікавая, я да гэтага часу ў невялікай прастрацыі ад таго, што адбываецца. Трохі не прыйшоў у сябе да гэтага часу, — прызнаўся Сяргей. — Шчыра, вельмі стамляешся выхоўваючы траіх дзяцей, на чатырох працах, яшчэ і гэта… Каму я так перашкодзіў, занадта адкрыты…

Ці будзе абскарджваць рашэнне суда, Сяргей пакуль не вырашыў.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Фантаны ў Гродне ўключаць 30 красавіка. Што ў праграме?

Сезон працы гарадскіх фантанаў у Гродне адкрыюць 30 красавіка. З 20:00 у парку Жылібера запланавана…

26 красавіка 2024

Бондарава прайграла суд гродзенскаму сайту — ёй прыйшлося выправіць свой допіс і апраўдацца

Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай…

26 красавіка 2024

$ 3700 — за тое, што ледзь не памёр. Электразваршчык спагнаў кампенсацыю пасля падзення на кароўніку — не было абароны

Электразваршчык аднаго з прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна будаваў кароўнік без сродкаў абароны - фірма не ўкладвалася…

25 красавіка 2024

Гродзенцы хочуць ведаць, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі: стварылі петыцыю ў гарвыканкам

Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя…

25 красавіка 2024

Гродзенскі сайт падаў у суд на Бондараву: абараняе дзелавую рэпутацыю

Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гроднаін", уладальнік партала Grodno.in, падало іск аб абароне дзелавой рэпутацыі да…

25 красавіка 2024

Беларусы праз суды даказваюць «польскасць» продкаў. Галоўны аргумент — наведванне касцёла

Каб атрымаць карту паляка, некаторыя грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў суд. Там яны просяць памяняць нацыянальнасць…

25 красавіка 2024