На мінулым тыдні ў праўладных Telegram-каналах з’явіліся медыцынскія дакументы з дыскрэдытуючымі подпісамі двух абвінавачаных па «палітычных» справах. Сапраўдныя яны ці не, невядома. Дакументы адлюстроўвалі дыягназы беларусаў пасля звароту да лекараў. Рэдакцыя Hrodna. life спытала ў медыка і юрыста, наколькі гэта законна.

Рэдакцыя Hrodna.life не будзе называць дадзеныя асоб, якіх спрабавалі дыскрэдытаваць.

Адзін з допісаў распавядаў пра беларуса, які ваюе на вайне ў Украіне. Паводле звестак канала, падчас службы ў войску ў 2016 годзе ён «спрабаваў касіць, спасылаючыся на немач і псіхічнае адхіленне». Пры гэтым ён скардзіўся на частае мачавыпусканне, удушша, слабасць, заяўляў аб суіцыдальных намерах. Аднойчы раніцай на яго ложку з’явілася жоўтая пляма. Хлопцу паставілі дыягназ — функцыянальнае растройства мачавыпускання. Да допісу прымацавалі фота асобных лістоў медкарты і фота сацыяльна-псіхалагічнай характарыстыкі.

Другі пост распавядаў пра адну з палітвязняволеных. Па словах адміністратараў канала, ім у бот даслалі медыцынскую картку дзяўчыны. Адміністратары напісалі пра трывожныя расстройствы, выдзіранне валасоў, прыступы агрэсіі і таблеткі. Тым не менш, скрыншот паказвае толькі адзін зварот да псіхатэрапеўта ў 2019 годзе. Дыягназ — F41.3 «Іншыя змешаныя трывожныя растройствы».

«Здаць мог хто заўгодна»

Крыніца Hrodna.life у медыцыне дапусціў, што гэтыя дакументы могуць быць сапраўднымі. Тады доступ да іх незаконны і гэта з’яўляецца парушэннем медычнай таямніцы. «Але там няма ніякага прававога поля», — адзначае крыніца.

У адным з запісаў медык апазнаў медкарту з ваенкамата. Другая зроблена ў паліклініцы ў Мінску. Медык мяркуе, што мог перадаць інфармацыю не толькі які лечыць лекар, а «хто заўгодна».

Hrodna.life спрабавала знайсці крыніцу ў паліклініках і лечучарэджэннях, каб растлумачыць, як звесткі маглі трапіць у рукі сілавікоў, але на гэтую тэму з намі адмаўляліся гаварыць.

Закон: інфармацыю можна даць без згоды пацыента

«У законе „Аб ахове здароўя“ прадугледжана, што з’яўляецца ўрачэбнай тайнай і якім чынам і каму можа быць прадастаўлена інфармацыя, якая складае медычную таямніцу. У дадзеным выпадку гэта інфармацыя пра факт звароту пацыента па медыцынскую дапамогу і стан яго здароўя, звесткі аб наяўнасці захворвання, дыягназе. Але і на тых органах і арганізацыях, якім у адпаведнасці з законам была прадастаўлена інфармацыя, якая складае медычную таямніцу, распаўсюджваецца абавязак захоўваць медычную таямніцу», — пракаментавала Hrodna.life юрыст.

Гэта значыць, зыходзячы з закона, ваенкамат, які даў дакументы трэцім асобам, таксама парушыў закон.

Паводле арт. 46 Закона «Прадастаўленне інфармацыі аб стане здароўя пацыента. Медычная таямніца», без згоды пацыента прадастаўляць пра яго інфармацыю можна па запыце органаў крымінальнага пераследу і суда, органаў унутраных спраў, органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў дазнання і шэрагу іншых інстанцый. «Варта прызнаць, што па згаданым законе пералік, па якім можна даць без згоды пацыента, досыць шырокі і адкрыты», — каментуе юрыст. Яна дапускае, што ўзяць «цішком» усю неабходную інфармацыю ў «паўслужачага» даволі проста.

Але гэта не здымае адказнасць з органа, які даў інфармацыю адміністратарам каналаў. Ёсць адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Па арт. 7 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб абароне персанальных дадзеных» ім пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь. Па арт.178 КК «Выдаванне медычнай таямніцы» — штраф або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Чытайце таксама: Сэкс-кампрамат, апраўдання за арыентацыю і фота сэкс-цацак. Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе затрыманых