Навіны

Лукашэнка ўпершыню выказаўся аб затрыманні 35 лекараў-траўматолагаў. Ім могуць змяніць меру стрымання (абноўлена)

35 лекараў-траўматолагаў затрымалі па Беларусі, расказаў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка, піша «Пул Первого». Сярод затрыманых — лекар, які абследаваў і яго самога. Пры ператрусах у затрыманых знайшлі ад € 300 000 да € 650 000. Лукашэнка лічыць, што адказваць за гэта павінен міністр аховы здароўя.

«Артапеды-траўматолагі. 35 чалавек не проста падказвалі, як я кажу, людзям, якія ляжалі на аперацыйным стале, якія імпартныя запчасткі ім у цела ўставіць, там, артапедычныя, а за гэта ад замежнікаў атрымлівалі хабары. У некаторых па € 300 тысяч, па € 50 тысяч выявілі толькі дома — на кішэнныя выдаткі захоўвалі. 35 чалавек», — выказаўся пра справу лекараў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Лукашэнкі, да яго звярнуўся міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч з пытаннем, «як разабрацца». Ён прапанаваў яму пайсці ў следчы ізалятар і «там з імі разбірацца». Міністр пацвердзіў, што ён «персанальна з кожным правёў працу». Лукашэнка прапанаваў пры ўдзеле генеральнага пракурора Андрэя Шведа «вызначыцца, што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі».

«Я вельмі добра ведаю ход гэтай аперацыі: кантраляваў. Гэта не сёння, не ўчора пачалося. Я міністра аховы здароўя пра гэта папярэдзіў. Але на сёння 35 чалавек [затрыманыя]. І ўпэўнены (мяне ніхто ў гэтым не пераканае), што гэта не ўсе тыя, хто павінен там з імі побач сядзець», — адзначыў Лукашэнка.

Затрымалі і лекара, які абследаваў Лукашэнку

Дзмітрый Піневіч звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай «узяць на парукі» лекараў пасля таго, як яны пакрыюць шкоду дзяржаве. Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру перагаварыць з кожным з затрыманых. Ім можа быць змененая мера стрымання пры ўмове выканання шэрагу патрабаванняў. У тым ліку гаворка ідзе — аб прызнанні віны, аб вяртанні сум і аб вяртанні на працоўныя месцы ў тыя ўстановы аховы здароўя, якія ім будуць вызначаныя міністрам, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

«Трапіўся» і лекар Аляксандра Лукашэнкі. Хто менавіта, не назвалі. «Я вельмі засмучаны гэтым фактам, але закон ёсць закон. Ён адзіны для ўсіх», — распавёў Лукашэнка.

«За гэта павінен адказваць кіраўнік»

«Чаму мы ў дастатковай колькасці не праводзілі рэкламную кампанію для людзей, якія суставы мяняюць, яшчэ нешта, і не завозілі гэтыя імпартныя запчасткі для чалавечага арганізма па лініі дзяржавы? Няўжо так складана было закупіць і завезці ў краіну? Ну калі хто-небудзь хоча, лічыць, што айчынныя гэта няякасныя — купляйце! Яны ж куплялі. Толькі яны плацілі утрыгарада. Таму што хабары ўваходзілі ў цану гэтага тавару. Гэта пытанне і вельмі сур’ёзнае пытанне. І я хачу, каб гэта стала для Міністэрства аховы здароўя, для міністра такой навукай — грунтоўнай. Таму што ну, ведаеце, трываць гэта невыносна і за гэта павінен адказваць кіраўнік. Я пра гэта ўжо не аднойчы казаў», — сказаў Лукашэнка.

«Прыбярыце ўсякае пасрэдніцтва», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў наладзіць прамыя пастаўкі лекаў і медвырабаў. «Мы павінны трымаць гэтыя пытанні пад кантролем. А каб яны былі пад кантролем, я ўжо тысячу разоў казаў: прыбярыце ўсякае пасярэдніцтва. Закупляйце наўпрост лекі і медыцынскія вырабы. Гэта можна рабіць нават у санкцыйны перыяд», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

КДБ: абвінавачаныя супрацоўнічаюць са следствам

Па дадзеным факце следчым упраўленнем КДБ расследуецца крымінальная справа па частцы 1, 2 і 3 артыкула 430 «Атрыманне хабару», часткі 1 артыкула 431 «Дача хабару», а таксама часткі 1 артыкула 433 «Незаконнае грашовае ўзнагароджанне». У якасці падазраваных і абвінавачаных па крымінальнай справе прыцягнутыя 35 работнікаў устаноў аховы здароўя, а таксама пяць прадстаўнікоў камерцыйных структур, паведаміў «Беларусь 1» Канстанцін Бычак, намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі.

Паводле версіі КДБ, абарот адной з фірмы пастаўшчыка замежных эндапратэзаў, якія фігуруюць у справе, склаў амаль 12 млн долараў за 2019−2022 гады. Большасць абвінавачаных прызналі віну, супрацоўнічаюць са следствам, прадпрымаюць меры па выплаце ў даход дзяржавы даходу, атрыманага злачынным шляхам.

Што адбылося?

25−26 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя ад 25 да 50 траўматолагаў, паведамляе Z**kalo.io. Блізкія аднаго з затрыманых распавялі выданню, што лекар праходзіць па частцы 2 артыкула 430 КК «Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры». Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі. У Гродне затрымалі Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна. Таксама затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску Яўген Саўко.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024