Навіны

Дранікі і бабку з-пад Гродна прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Што гэта дасць у практыцы і чаму забылі пра кішку?

Стравы з таркаванай бульбы з Гродзенскай вобласці - дранікі, бульбяныя бліны і бабку — прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта адбылося 13 траўня на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведаміў Telegram-канал «Культура Гродненщины».

Дранікі. Ілюстратыўнае фота.

Стравы для дэгустацыі прадставілі гаспадыні Гродзеншчыны. «Дранікі» і «бульбяныя бліны» прыгатавалі жыхаркі Іўеўшчыны і Лідчыны. «Банды на дубовых лісцях» — гаспадыні з мястэчка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. «Бульбяную бабку» — з Адэльска Гродзенскага раёна.

Дранікі прыйшлі з Германіі, а вось кішка і бабка — беларускія

«У прынцыпе, гэта вартае пачынанне. Стравы з таркаванай бульбы сапраўды можна лічыць нацыянальнымі беларускімі, хаця яны і прыйшлі да нас з Германіі пры пасярэдніцтве габрэяў-карчмароў», — рассказаў Hrodna.life гісторык Алесь Белы.

Алеся Белага здзівіла, што не згадана бульбяная кішка — блізкая да бабкі страва, толькі ў абалонцы з кішак. «І кішку і бабку можна лічыць найболей беларускімі з гэтых страў. Таму што самі назвы беларускія. У Польшчу яны прыйшлі ўжо ад нас. Як тыпова „крэсовыя“ стравы. У польскім Супраслі нават праводзіцца штогадовы чэмпіянат свету па запяканні кішкі і бабкі. Але я нічога не чуў пра ўдзел беларускіх каманд».

Уключылі ў спіс — а што далей?

Алесь Белы не зусім разумее, што вынікае з уключэння гэтых страў у афіцыйны спіс у практычнай плоскасці - «апроч чыста бюракратычных маніпуляцый».

«Як бы гэта мусіла выглядаць у ідэале? Дзяржава мусіла б стымуляваць, напрыклад, стварэнне асацыяцый вытворцаў гэтых страў, або рэстаратараў, якія ўзялі б на сябе абавязак стала падтрымліваць наяўнасць гэтых страў у продажы. А ўзамен атрымалі б нейкія гаранты на развіццё і прасоўванне сродкамі дзяржаўнага і адміністрацыйнага рэсурсу. Але я не ўпэўнены, што выпадковы турыст, заехаўшы ў той жа Адэльск, зможа лёгка знайсці гэтыя стравы ў мясцовым грамадскім харчаванні», — сказаў Алесь Белы.

Чытайце таксама: Абяцаюць найлепшыя дранікі ў горадзе: на Ажэшкі адкрылася кафэ з беларускім каларытам

Акудовіч: «мутныя» крытэрыі і «нармальнае» брэндзіраванне

Гісторык і экскурсавод Цімафей Акудовіч у сваім Facebook крытыкуе саму працэдуру унясення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта нібыта дае брэндзіраванне, але яно не працуе належным чынам. «Нармальнае брэндзіраванне прадукту значна лагічней рабіць з дапамогай нармальных піяршчыкаў, а не праз Мінкульт», — піша Акудовіч.

Ён лічыць крытэрыі дзяржаўнага спісу «мутнымі», а саму працэдуру вельмі залежнай ад таго, ці ёсць у канкрэтным раёне актыўныя працаўнікі культуры.

«На раёне можа захавацца ўнікальная нематэрыяльная з’ява, але мясцовы работнік культуры жыве ад 9 мая да 3 ліпеня і знаць нічога не знае пра традыцыю. А ў суседнім раёне амбітны культработнік фіксуе і падае хоць бы што, каб засвяціцца. І ў Радзе мусяць працаваць з тым, што дойдзе. А фіксуе з’яву ён непрафесійна. І досыць часта не бачыць дыяментаў сярод шаблонных рэчаў. Фармаваць спіс і праводзіць фіксацыю лагічней спецыялістам. І не з пазіцыі пасіўных „прыёмшчыкаў“, але з актыўнай пазіцыі збіральнікаў», — тлумачыць сваю пазіцыю Акудовіч.

Галоўная думка Акудовіча: «Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах Культуры». Маўляў, занясенне ў спіс не захоўвае нейкага абраду ці трацыцыі, а толькі фіксуе. Каб традыцыя захавалася, яна павінна жыць у супольнасці.

Колькі розных рэцэптаў сабрала па ўсей Беларусі Міністэрства культуры?

Перад разглядам прапановы навукова метадычнай радай, традыцыю страваў з бульбы вывучылі і зафіксавалі па ўсёй Беларусі, запэўнівае Мінкульт. Агулам зафіксавана 235 народных рэцэптаў. Мінкуль абяцае ўключыць стравы з таркаванай бульбы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў бліжэйшы час.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024