Былы першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ) Алег Раманаў стаў старшынёй Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Рашэнне прынялі падчас IV з’езда аб’яднанняў у Мінску 18 чэрвеня, піша БелТА. Да гэтага арганізацыю ўзначальваў Генадзь Давыдзька.

Алегу Раманаву 46 гадоў. Ён — ураджэнец Гродна, доктар філасофскіх навук, прафесар. Скончыў ГрДУ, там жа аспірантуру, потым — дактарантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Тэма доктарскай дысертацыі - «Усходнеславянская цывілізацыя як суб’ект сучасных глабальных сацыяльных трансфармацый». У 2019 годзе яго прызначылі членам Савета Рэспублікі, у 2021-м — рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да сакавіка 2021 года працаваў першым прарэктарам ГрДУ.

Збіраецца абараняць традыцыйныя каштоўнасці і падтрымліваць прэзідэнта

«Мы будзем працаваць над дбайным захаваннем гістарычнай памяці і праўды аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, абараняць традыцыйныя каштоўнасці, забяспечваць суверэнітэт нашай краіны ва ўсіх сферах: інфармацыйнай, палітычнай, ідэалагічнай, прапагандысцкай. І ўсе тыя задачы і грозныя выклікі, якія сёння стаяць перад нашай краінай, будуць задачамі і для грамадскага аб’яднання. Усё гэта будзе адлюстравана ў праграме нашай дзейнасці», — сказаў ён БелТА.

Таксама ён плануе падтрымліваць «палітычны курс» Аляксандра Лукашэнка і дзяржаўную ідэалогію.

Быў супраць санкцый і выказваўся пра пратэсты-2020

Раманаў выказваўся супраць санкцый у дачыненні да Беларусі. «Што яшчэ дзівіць, дык гэта тое, як крывадушна і нахабна апаненты ўлады, якія сядзяць за мяжой, хлусяць, нібыта просты беларускі народ сам патрабуе санкцый. Ні адзін разважны чалавек не будзе выступаць за пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча і праблемы для сваёй сям'і і сваёй краіны ў цэлым. Падобныя выказванні - прыклад цынізму з боку псеўда-палітыкаў, якія просяць санкцый супраць Беларусі», — цытуе яго «Гродзенская праўда».

Былыя студэнты ГрДУ называюць Раманава заходнерусістам (заходнерусізм — гісторыка-ідэалагічны кірунак, заснаваны на пастулаце, што беларусы з’яўляюцца адной з этнаграфічных груп агульнарускага народа. Іншыя вядомыя заходнерусісты ў ГрДУ — Валерый Чарапіца і Уладзімір Ягорычаў - Hrodna.life).

Ён быў адным з чыноўнікам, з якім безвынікова сустракаліся пратэстоўцы ў Гродне. «Я ўпэўнены, што гэта скажэнне сутнасці справы: пад бачнасцю мірных акцый хаваецца досыць выдасканалены гвалт. Размовы ў сацыяльных сетках, сярод людзей пра тое, што людзі проста выйшлі, каб выказаць сваю волю, адстаяць праўду, вельмі часта адводзяць ад сутнасці таго, што адбываецца», — казаў ён аб пратэстах у жніўні 2020 года.