Лёгкаатлетычны забег «Гарадзенская вандроўка» вуліцамі горада прайшоў 19 чэрвеня. Яго ўдзельнікамі сталі каля 350 чалавек. Самым малодшым было ўсяго некалькі гадоў, самым старэйшым — больш за 60. Дарослыя ўдзельнікі беглі дыстанцыі 5 і 10 кіламетраў. Дзецям прапанавалі адлегласці ад 100 да 800 метраў.

«На старт»

Адна з галоўных мэтаў забегу — прапаганда здаровага ладу жыцця, адзначыла перад стартам намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Таццяна Лідзяева. Яна спадзяецца, што гродзенцы будуць браць з удзельнікаў забегу прыклад.

«Фініш»

Першымі на дыстанцыі 5 км фінішавалі Аляксандр Гардзей (18.31), Мікалай Грышукевіч (18.46) і Сяргей Лявонаў (18.56). У забегу 10 км з найлепшымі вынікамі фінішавалі Уладзіслаў Прамаў (32.14), Кірыл Андрэйчык (32.33) і Дзмітрый Шкода (33.49).

Пераможцы забегу «Гарадзенская вандроўка» атрымалі грашовыя прызы і падарункі. Усіх удзельнікаў узнагародзілі медалямі.

Чытайце таксама: