Наведванне Гродна прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пад пытаннем. Ёсць верагоднасць, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбудзецца раней. Да гэтага сустрэчу планавалі правесці падчас Форуму рэгіёнаў у Гродне. Пра гэта паведаміла «РИА Новости» са спасылкай на прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.

“Паведамяць дадаткова”. Прыезд Пуціна ў Гродна пад пытаннем
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота Reuters

«Сустрэча магчыма да гэтага форума. Мы паведамім вам сваечасова», — сказаў Дзмітрый Пяскоў. Што тычыцца прыезда Пуціна ў Гродна, то «пра гэта паведамяць дадаткова».

Падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі 20 чэрвеня ў Мінску прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін сказаў, што Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Гродне падчас Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

З пачатку вайны ва Украіне Пуцін не пакідаў Расію

З пачатку вайны ва Украіне 24 лютага Уладзімір Пуцін не пакідаў тэрыторыю Расіі. Апошні яго візіт быў у пачатку лютага ў Кітай. Там адбылася сустрэча з генсекам кампартыі Кітая Сі Цзіньпінам, а таксама цырымонія адкрыцця XXIV Зімовых Алімпійскіх гульняў.

Калі адбудзецца Форум рэгіёнаў і хто на яго прыедзе

IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Гродне з 30 чэрвеня па 1 ліпеня 2022 года. На яго плануюць прыехаць старшыня Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка і 41 расійскі губернатар.

Падчас мерапрыемстваў форуму плануюць падпісаць каля 50 пагадненняў на суму больш чым $ 1 млрд долараў. Форум збіраюцца прысвяціць паглыбленню інтэграцыі Беларусі і Расіі і ролі рэгіёнаў у гэтым працэсе. На ім абмяркуюць збліжэнне заканадаўства ў рамках Саюзнай дзяржавы, узаемадзеянне ў сферы аграпрамысловага комплексу, інтэграцыю сістэм вышэйшай адукацыі, адзіную навукова-тэхналагічную прастору і імпартазамяшчэнне ў Саюзнай дзяржаве.