Каля дзвюх тысяч мірных жыхароў забілі акупанты на тэрыторыі Гродзенскай турмы № 1 ў час Другой сусветнай вайны. Пра гэта пракурор горада Уладзімір Клішын сказаў тэлеканалу «Гродна Плюс».

тюрьма турма
Гродзенская турма. Крыніца: fotokoot, wikimapia.org

У межах расследавання крымінальнай справы пракуратура аналізавала архіўныя дакументы і дапытвала сведак. Пасля гэтага ў межах кропкавых пошукаў на тэрыторыі турмы былі знойдзены рэшткі чалавечых костак са слядамі ўплыву высокай тэмпературы.

«Мы сёння праводзім кропкавыя пошукавыя мерапрыемствы. Пацвярджаецца факт таго, што нямецка-фашысцкія захопнікі, а таксама іх саўдзельнікі з ліку розных нацыяналістычных фарміраванняў, здзяйснялі масавае вынішчэнне мірных грамадзян нашай краіны», — сказаў Уладзімір Клішын.

Якія архіўныя дакументы аналізавалі і якіх сведак дапытвалі, «Гродно Плюс» не ўдакладніў.

Чаму пра гэта пачалі гаварыць толькі зараз

Фрагменты чалавечых костак знайшлі падчас рамонта ўсходняй сцяны турмы яшчэ ў 2005 годзе. Тады перапахаванне астанкаў не здзейснілі, а косткі пакінулі на месцы іх выяўлення.

У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі пачала расследаванне аб «генацыдзе беларускага народу» ў перыяд Вялікай айчыннай вайны і пасляваенны час. Праз год, 23 чэрвеня 2022 года, генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед і кіраўнік расійскага Следчака камітэта Аляксандр Бастрыкін падпісалі пастанову аб стварэнні сумеснай следча-аператыўнай групы для расследвання генацыда.

З моманту адкрыцця справы супрацоўнікі пракуратуры і следчыя сапраўды пачалі актыўна працаваць у архівах, у тым ліку ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці. Таксама вядома, што яны званілі старажылам і нават свякам нядаўна памерлых сталых людзей, каб распытаць пра ўспаміны часоў вайны.

Не толькі немцы забівалі людзей у гродзенскай турме

З прыходам савецкай улады ў Гродна ў 1939 годзе гродзенская турма магла стаць месцам растрэлаў абаронцаў горада. Паводле ўспамінаў старажылаў, растрэльвалі таксама на Сабачай горцы, урочышчы Сакрэт і ў Пышках.

22 чэрвеня 1941 года, калі немцы атакавалі Савецкі саюз, кіраўніцтва турмы атрымала загад перад уцёкамі растраляць вязняў. Частку з іх паспелі забіць наўпрост у камерах, але адна з нямецкіх бомбаў, якая ўпала на турму, дазволіла іншым зняволеным збегчы.

На турме плануюць адкрыць мемарыяльную шыльду

У сакавіку 2022 года ў музеі Гродзенскай турмы адкрылі экспазіцыю прысвечаную генацыду беларускага народа ў часы Вялікай ачыннай вайны. Зараз, паводле выяўленых фактаў на турме плануюць усталяваць мемарыяльную таблічку ў памяць аб загінулых там жыхарах Гродна.