У сярэдзіне тыдня ў чэргах на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць 350 легкавых аўто. Да выхадных сітуацыя можа ўскладніцца. Каб не чакаць на мяжы доўга і не губляць час, можна за асобную плату забраніраваць сабе месца ў электроннай чарзе. Праўда, у бліжэйшым да Гродна пункце пропуску такой магчымасці трэба чакаць шэсць дзён.

Што такое электронная і «платная» чарга і як яны працуюць

Каб спрасціць парадак перасячэння мяжы, у Беларусі з 2016 пачалі ўводзіць сістэму электроннай чаргі для транспарту. Цяпер яна функцыянуе амаль ва ўсіх пунктах пропуску з Польшчай, Латвіяй і Літвой (няма ў Прывалцы і Лошы). Гэта пункты:

  • Брэст;
  • Катлоўка;
  • Грыгораўшчына;
  • Урбаны;
  • Брузгі;
  • Каменны Лог;
  • Беняконі,
  • Бераставіца.

Чарга фармуецца па меры прыезду транспарту на спецыяльную паркоўку. Інфармацыя аб чарговасці руху выводзіцца на электроннае табло.

Каб зэканоміць час, можна загадзя зарэзерваваць час прыезду праз сайт belarusborder.by. Кошт паслугі - 1 базавая велічыня (32 руб.). Пасля рэгістрацыі на сайце можна выбраць дату рэзервавання і інтэрвал часу ў адну гадзіну. У гэты час машына можа заехаць на пункт пропуску. У такім выпадку ўсё роўна трэба будзе заехаць на пляцоўку электроннай чаргі і да пачатку забраніраванага інтэрвалу адзначыцца ў аператара. Інакш браніраванне аўтаматычна адмяняецца.

Заплаціць і чакаць тыдзень

У бліжэйшым да Гродна дзейным пункце пропуску «Бераставіца» («Брузгі» ўсё яшчэ закрыты) на момант напісання матэрыялу вольны для рэгістрацыі час з’яўляецца толькі амаль праз тыдзень — 2 жніўня пасля 15:00—16:00. На наступны дзень палова слотаў ужо недаступная, а далей за 3 жніўня браніраванне пакуль неактыўна.

У Брэсце забраніраваць месца можна толькі праз тры дні - з 30 ліпеня. У пунктах выезду ў Літву і Латвію сітуацыя лепей — можна знайсці месца ў чарзе на гэты ж дзень.

"Платнай" чаргі чакаць амаль тыдзень, звычайная - на 200 машын. Паглядзелі, колькі легкавых аўто чакаюць выезду з Беларусі
Скрыншот з сайта браніравання

Колькі машын стаіць у чарзе на выезд

Усяго выезду з Беларусі ў пунктах пропуску 27 ліпеня на 16:00 чакалі 440 легкавых і 150 грузавых машын.

На мяжы з Польшчай у Бераставіцы ў чарзе стаяць 200 легкавых і 45 грузавых аўто. У Брэсце (выкарыстоўваецца толькі для легкавых і аўтобусаў) — 150 легкавых. Праз пункт Казловічы могуць ехаць толькі грузавыя аўтамабілі. Там выезду чакалі 40 машын. Пункты Брузгі, Пясчатка і Дамачава зачыненыя з ініцыятывы Польшчы.

Выезду ў Літву праз Прывалку чакаюць 20 легкавых машын і 40 грузавых. У Лошы стаіць 35 легкавых аўто (выкарыстоўваецца толькі для легкавых і аўтобусаў), у Каменным Логу — 20 легкавых, у Відзах-15 легкавых і 10 грузавых. У Беняконях і Катлоўцы чэргаў няма.

Выезду ў Латвію ў Грыгораўшчыне чакаюць 15 грузавых машын, ва Урбанах чаргі няма.

Чытайце таксама: Раньше ездили в шоп-тур, сейчас — на работу. Зачем белорусы ездят за границу и что оттуда привозят