Тэлеканал «Гродна Плюс» пакараў свайго інжынера відэамантажа. Прычына — той пусціў у эфір архіўны запіс «Асоба дня» ад 2019 года, у якім узгадалі журналіста Юрыя Дудзя. Пра гэта тэлеканал паведаміў у сваім Telegram-канале.

Гродзенскі тэлеканал пакараў свайго інжынера з-за Юрыя Дудзя. У Гомелі за тое ж звольнілі супрацоўнікаў радыё
Юрый Дудзь. Крыніца: YouTube

«З 2020 года ў гэтай рубрыцы ідзе гаворка толькі аб савецкіх і беларускіх акторах, музыках і пісьменніках, якія не маюць дачынення да антыдзяржаўных поглядаў», — напісаў тэлеканал у сваім Telegram-канале. «Рэдакцыя не падзяляе поглядаў дадзенага героя, якія яскрава выявіліся ў адносінах да нашай краіны пасля 2020 года».

На думку «Гродна Плюс», падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала. Таму рэдакцыя папрасіла прабачэння перад сваімі гледачамі, «каго магла абразіць дадзеная інфармацыя».

У Гродне пакаралі, а ў Гомелі звольнілі

У Гомелі звольнілі трох супрацоўнікаў «Гомельскага гарадскога радыё» за тое, што 11 кастрычніка яны ўзгадалі ў эфіры расійскага журналіста і блогера Юрыя Дудзя. Узгадка прагучала ў рубрыцы «Хто сёння нарадзіўся». У ёй называюць выбітных асобаў і даюць кароткую даведку пра іх.

Чаму дзяржаўныя СМІ баяцца называць Юрыя Дудзя

У сакавіку 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў тры відэа на YouTube-канале «вДудь» экстрэмісцкімі: «Как жить, если лишают родины», «Комиссаренко — новая жизнь после протестов в Беларуси», «NEXTA — главное медиа белорусского протеста. Сам Юрый Дудзь у Беларусі не прызнан экстрэмістам.

«Гродна Плюс» не прыносіў выбачэнні сваім глядачам пасля жніўня 2020 года

У жніўні 2020 года, падчас мірных мітынгаў і шэсцяў тэлеканал «Гродна Плюс» трансляваў у прамым эфіры падзеі з Плошчы Леніна. Пасля чаго, рэдакцыя тэлеканала не выбачаліся перад глядачамі, якіх магла абразіць дадзеная інфармацыя.