Новае для Гродна абсталяванне — лістасмок — перарабілі з дымасмоку, які звычайна выкарыстоўваюць у ліфтавай гаспадарцы. Яго «як раз збіраліся ўтылізаваць». Пад новую ўстаноўку пераабсталявалі трактарны прычэп.

Камунальнікі хваляцца, што канструкцыя абышлася ў 8 разоў танней за звычайны садова-паркавы пыласмок. Яго «як раз збіраліся набыць ва Ужрэпе Ленінскага раёна», але адклалі куплю. Кошт такога пыласмока стартуе ад 8 тыс. рублёў. Пераабсталяванне ж дымасмока абышлося ў 500 рублёў, расказаў дырэктар УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна Міхаіл Місюля на «Гродна Плюс». Вынік «проста шакаваў», а сама новая старая машына «працуе дзівосна», падзяліўся ён.

Новая машына паскарае працэс пагрузкі лісця, а справіцца з працай могуць двое замест 15 чалавек. Акрамя таго, у працэсе пагрузкі лісце праходзяць праз вентылятар і здрабняецца. У выніку яны займаюць меншы аб’ём і, адпаведна, памяншаецца колькасць тэхнікі, неабходнай для іх вывазу.

Цяпер у камунальнікаў у планах пераабсталяванне яшчэ трох дымасмокаў, якія збіраліся здаць на металалом.

Навошта прыбіраюць лісце і дзе?

Эколагі раяць не прыбіраць апалую лістоту, асабліва ў парках.

У Мінску, напрыклад, згодна з правіламі добраўпарадкавання, з 2013 года лісце прыбіраюць толькі там, дзе яно можа перашкаджаць пешаходам або машынам, забруджваць ходнікі, вуліцы і забіваць ліўнёўку. Вільготнае лісце можа мець эфект лёду.

Іх павінны прыбіраць з пешаходных сцежак, зялёнай зоны ўздоўж вуліц, месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў, плошчаў, уваходаў у паркі, тэрыторыі каля атракцыёнаў. Там прыбіраюць на адлегласці 10 м ад дарогі ці сцяжынкі, расказалі ў «Мінскзеленбудзее» The Village. У гаях, вялікіх парках і лясных масівах лісце прыбіраюцца ў 5 м ад сцежак. З газона, які рэгулярна стрыгуць, лісце прыбіраюць, каб ён не прагніваў пад покрывам. Цалкам лісце абавязалі прыбіраць у дварах жылых дамоў. З-пад дрэў у парках жа наадварот, лісце не выграбаюць.

У Гродне лісце таксама прыбіраюць не ўсюды. У абавязковым парадку гэта робяць уздоўж цэнтральных магістраляў. У дварах і на другасных трасах дворнікі прыбіраюць лістоту на сваё меркаванне. У парках і скверах лістоту пакідаюць да вясны.

"Вынік шакаваў": у Гродне сабралі лістасмок з металалому. А дзе можна і трэба засмоктваць лісце ў горадзе?
Восень у Каложскім парку. Фота: Facebook Наталля Дораш

Лістота ўздоўж вуліц убірае пыл, выхлапныя газы і цяжкія металы. Яе вывозяць на сметнік, а бліжэй да зімы — на могілкі. У Гродне гэта Аульс. Там яе закопваюць, каб зямля менш прамярзала і было зручней працаваць. Спальваць лісце нельга.

У Беларусі парушэнне правілаў добраўпарадкавання, у тым ліку і ўборка лісця там, дзе не трэба, караецца паводле арт. 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Чым карысная палая лістота, а калі шкодная

Апалае лісце з’яўляецца часткай экасістэмы. Гэта дом для насякомых, а тыя, у сваю чаргу — корм для птушак.

Таксама гэта натуральнае ўгнаенне, таму пад дрэвамі лістоту трэба пакідаць, расказваў дэндролаг, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Максім Ярмохін для"Экаідэя". Перагной узбагачае глебу элементамі харчавання, асабліва гэта важна для гарадскіх дрэў. Уборка лістоты іх яго пазбаўляе. Калі лістоту прыбраць, дрэва, вядома, гэта перажыве. Але выдаткаваныя на прыборку сродкі не вартыя таго, лічыць дэкан факультэта аховы раслін ГГАУ Павел Барадзін.

Пласт лістоты абараняе карані дрэў ад марозу. Асабліва гэта важна ў маласнежныя зімы.

Прыбіраць апалую лістоту сапраўды варта толькі пад дрэвамі, заражанымі ліставымі шкоднікамі, напрыклад, мінёрам каштанавым (каштанавая моль).

Паводле беларускіх санітарных нормаў да 2009 года ўборка ўсёй тэрыторыі населеных пунктаў ад палай лістоты была абавязковай. Новая рэдакцыя Санпін № 143 «Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў» больш не прадугледжвае прыборкі лісця.

Чытайце таксама: