На Нёмане адбылася зімовая паводка і месцамі рака выйшла з берагоў. Прычына — цёплае надвор’е і ападкі. Пра гэта «Гродзенскай праўдзе» расказала кіраўніца групы гідралогіі філіяла «Гроднааблгідрамет» Святлана Бярэзіна.
![Выспу каля Новага моста затапіла: на Нёмане адбылася зімовая паводка](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/02/Pavadak-1-800x485.jpg)
У студзені 2023 года вада у Нёмане каля Гродна ў паднялася да 226 см па Балтыйскай сістэме вышынь. Выспу каля Новага моста цалкам затапіла, а ўздоўж набярэжнай пад вадой апынулася бетонная дарожка, з якой рыбакі ловяць рыбу. Акрамя гэтага, падтапіла прыбярэжныя пляжы.
«Папоўнілася воднасць рэк і вільгацезапасы глебы. Узроўні вады на Нёмане і яго прытоках значна павысіліся, месцамі ў нізінных месцах рэкі выйшлі з берагоў. У раёнах пунктаў гідралагічных назіранняў падтапленняў не назіралася», — сказала Святлана Бярэзіна.
З канца студзеня узровень вады ў Нёмане пачаў падаць. Па стане на 8 лютага ўзровень вады знізіўся на 30 см.
З-за паводкі падаўжалі пантонны мост
З-за павадкі, якая адбылася ў пачатку студзеня 2023 года, вада затапіла пантонны мост. Яго ўсталявалі ў лістападзе 2022 года пасля закрыцця Новага моста на рамонт. Падобная сітуацыя адбылася ў канцы студзення 2023 года, тады мост прыйшлося зноў падаўжаць.
![Выспу каля Новага моста затапіла: на Нёмане адбылася зімовая паводка](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/02/Pavadak-2-800x533.jpg)
Летам вады ў Нёмане не хапала
У сярэдзіне жніўня 2022 года ўзровень вады ў Нёмане пад Гродна быў 61 см, у верасні 2022 — 34 см. Небяспечным для судаходства лічыцца 125 см. Прычынай падзення ўзроўня вады было спякотнае надвор’е.