У Беларусі ў 2023 годзе на 26 тысяч чалавек (0,3%) зменшылася колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў параўнальна з 2022 годам, выявіла даследаванне «Digital 2023: Belarus» крэатыўнага агенцтва We Are Social. Агулам у пачатку 2023 года ў Беларусі налічвалася 8,27 мільёна карыстальнікаў інтэрнэту — узровень пранікнення інтэрнэту складаў 86,9%.

У студзені 2023 года ў Беларусі налічвалася 4,27 мільёна карыстальнікаў сацыяльных сетак (улічвалі толькі карыстальнікаў, старэйшых за 18 гадоў), што складае 44,9% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Гэта эквівалентна 56% ад агульнай колькасці насельніцтва ва ўзросце 18 гадоў і больш. А 51,7% ад агульнай базы карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі (незалежна ад узросту) выкарыстоўвалі прынамсі адну платформу сацыяльных сетак у студзені 2023 года. 56,2% карыстальнікаў сацыяльных сетак у Беларусі склалі жанчыны, а 43,8% - мужчыны.

Сярод сацсетак самым папулярным у беларусаў стаў TikTok — 4,27 млн карыстальнікаў старэйшых за 18 гадоў. Instagram спусціўся на другое месца з аўдыторыяй у 3,7 млн. Гэта складае 41,7% беларусаў, старэйшых за 13 гадоў. У Facebook у Беларусі - 662,8 тысяч карыстальнікаў. 800 тыс. беларусаў (10,5% ад насельніцтва старэйшага за 18 гадоў) карыстаюцца LinkedIn. Twitter карыстаюцца 230,9 тыс. беларусаў, старэйшых за 13 гадоў.

Хуткасць вырасла, але колькасць упала

Цягам 2022 года ў Беларусі расла хуткасць інтэрнэту. За 12 месяцаў сярэдняя хуткасць мабільнага інтэрнэт-злучэння ў Беларусі павялічылася на 1,37 Мбіт/с (13,2%), фіксаванага інтэрнэт-злучэння за той жа перыяд — на 1,88 Мбіт/с (3,9%). У пачатку 2023 года карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі маглі чакаць сярэдняю хуткасць мабільнага інтэрнэт-злучэння 11,71 Мбіт/с праз сотавыя сеткі і 50,27 Мбіт/с стацыянарнага.

У студзені 2023 года мабільная сувязь у Беларусі складала 121,3% ад агульнай колькасці насельніцтва. Лічбы тлумачацца тым, што многія людзі ва ўсім свеце выкарыстоўваюць больш за адно мабільнае злучэнне, напрыклад, адно для асабістага карыстання, а іншае для працы, звяртаюць увагу даследчыкі. За апошні год колькасць мабільных падключэнняў у Беларусі скарацілася на 109 тысяч (0,9%).

Для разумення агульнай сітуацыі даследчыкі прыводзяць і некаторыя статыстычныя дадзеныя па насельніцтву краіны. Цікава, што амаль на такую ж лічбу, як і скарачэнне колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў - на 30 тысяч (0,3%) — з 2022 па 2023 год скарацілася насельніцтва Беларусі. У пачатку 2023 года 80,5% насельніцтва пражывала ў гарадскіх цэнтрах, і толькі 19,5% - у сельскай мясцовасці. Сярэдні ўзрост у Беларусі складае 40,7 гадоў.

Чытайце таксама: