Сяргея Кулікоўскага, аднаго з экс-кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбіната, збіраюцца перавесці на «хатнюю хімію». У студзені 2021 года яго асудзілі ў Гродзенскім раённым судзе на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прычынай сталі хабары.

9 чэрвеня ў cудзе Гродзенскага раёна прайшло пасяджэнне аб змякчэнні пакарання і перавядзенні Кулікоўскага на «хатнюю хімію». Суддзя — Віталь Сініла. Вынікі паседжання пакуль невядомыя.

Раней Кулікоўскага прызналі вінаватым паводле ч.1 і ч. 2 арт. 430 КК «Атрыманне хабару». Таксама экс-кіраўнік павінен быў выплаціць штраф у 500 базавых велічынь, тады — 14 500 рублёў. Ён на пяць гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Пра тое, што абвінавачаны па справе — былы намеснік гендырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Сяргей Кулікоўскі, пісаў Sputnik.by. Кіраўніка затрымалі ў ліпені 2020.

На камбінаце ён адказваў за набыццё і перапрацоўку цукровых буракоў і сырца. Следчыя налічылі 16 фактаў атрымання хабараў на суму звыш 16 000 рублёў з 2015-га па ліпень 2020 года. Яму перадавалі грошы за садзейнічанне ў заключэнні выгадных дагавораў перавозак цукровых буракоў і забеспячэнне пастаяннага супрацоўніцтва з акцыянерным таварыствам.