«Авіякампанія Гродна» з-за пазыкаў распрадае свае самалёты. Паводле справаздачы за 2022 год, бягучая дзейнасць кампаніі апошнія два гады прыносіць толькі страты.

самалёт-ан-32
Самалёт Ан-32 гродзенскай авіякампаніі «Гродна». Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: minsknews.by

У 2022 годзе «Авіякампанія Гродна» зарабіла ўсяго 184 тыс. рублёў, а выдаткавала 465 тыс. (як вынік — страта 281 тыс. рублёў). У 2021 годзе кампанія зарабіла 1,2 млн рублёў, а выдаткавала 1,4 млн. У невялікім плюс фірма была толькі па інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці. Таксама кампанія мае праблемы з атрыманнем грошай ад тых, хто ёй вінен. «Пскоўавія», прызнаная банкротам, дагэтуль павінна гродзенцам 253 тыс. рублёў. Таксама «Авіякампаніі Гродна» павінны грошы некаторыя калгасы.

Аўдытары кампаніі - фірма «Аўдытінфарм» — сумняюцца, што авіякампанія «Гродна» можа мець у будучыні праблемы з плацежаздольнасцю і нават з тым, каб працягнуць дзейнасць.

У 2020 годзе ў кампаніі было 16 самалётаў: Ан-30, Ан-32, тры Ан-12, а таксама 11 самалётаў Ан-2. У 2023 годзе з-за пазыкаў кампанія прадала ў Расію Ан-32, а таксама тры самалёты Ан-2.

Гродзенскі самалёт разбіўся ў Расіі

У лістападзе 2021 года грузавы самалёт Ан-12 авіякампаніі «Гродна» разбіўся пад Іркуцкам. Самалёт перавазіў прадукты, на борце было сем чалавек, сярод іх адзін гродзенец.

Авіякампанія «Гродна» прайграла суд кампаніі «Дарожная служба Іркуцкай вобласці». Яна вінна 45,3 тыс. рублёў за дастаўку грузаў і спецтэхнікі да месца крушэння самалёта.

Чытайце таксама: Новые данные о крушении Ан-12 под Иркутском: в самолете было не 7, а 9 человек

Чым займаецца «Авіякампанія Гродна»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Авіякампанія Гродна» існуе ў 1945 года. Раней яна называлася Гродзенскі аб’яднаны авіяатрад. Кампанія займаецца перавозкай грузаў, а таксама хімапрацоўкай палёў.