У Беларусі істотна абнавілі Працоўны кодэкс. Частка пунктаў набылі сілу пасля афіцыйнага апублікавання, частка запрацуе з 1 студзеня 2024 года. Якія асноўныя змены чакаюць беларусаў, разбіралася «Наша Ніва».

Заробак мінімум 2 разы на месяц

Паводле абноўленага кодэксу заробак абавязаны выплочваць не радзей за два разы на месяц. У тым ліку і тым работнікам, якія працуюць па кантрактах, дзе прапісана выплата адзін раз на месяц. Змены ў кантракты трэба будзе ўнесці да 1 студзеня 2024 года.

Выплата адпускных

Адпускныя можна выплочваць не пазней чым за 2 дні да пачатку адпачынку. Зараз гэта будзе тычыцца толькі адпачынкаў паводле графіка. У іншых выпадках, напрыклад, пры пераносе адпачынку, адпускныя абавязаны выплаціць — са згоды работніка — не пазней за 2 працоўныя дні ад дня пачатку адпачынку.

Працу ў перадсвяточныя дні рэгламентавалі

У зменах вызначылі правілы скарачэння перадсвяточнага працоўнага дня для тых, хто працуе няпоўны дзень. Перадсвяточны дзень будуць скарачаць прапарцыйна колькасці гадзін няпоўнага працоўнага часу. Напрыклад, калі чалавек працуе на 0,5 стаўкі (4 гадзіны), то перадсвяточны працоўны дзень для яго скароціцца на 30 хвілін.

Праца без абеду і перапынку

Зараз тыя, хто працуе па нерэгулярным графіку, могуць працаваць больш за 10 гадзін на працягу працоўнага дня. Раней гэта было забаронена.

Таксама — толькі па ўласным жаданні работніка — можна адмовіцца ад перапынку для адпачынку і харчавання, калі працоўны дзень не перавышае 4 гадзін.

Скарочаны працоўны дзень замест выхаднога

Шматдзетным бацькам дазволілі па ўзгадненні з наймальнікам скараціць працягласць штодзённай працы на адну гадзіну замест вызвалення ад працы на адзін дзень на тыдзень. Умова — гэта не будзе замінаць працы арганізацыі.

Новы від адпачынку

З’явіцца адпачынак для завяршэння работы над кваліфікацыйнай навуковай працай (дысертацыяй) на атрыманне вучонай ступені доктара навук. У кодэксе гэта замацоўваецца артыкулам 187. Такі адпачынак можна будзе ўзяць аднаразова, максімум на 30 дзён. Даць такі адпачынак наймальнік абавязаны па жаданні работніка, з захаваннем сярэдняга заробку.

На час паступлення ва ўстановы адукацыі для атрымання навукова-арыентаванай адукацыі (аспірантуру) таксама абавязаны даваць адпачынак, але ўжо без захавання заробку. Адпачынак для паступлення можна ўзяць максімум на 12 каляндарных дзён.

Дыспансерызацыя ў працоўны час

Работнікі набываюць права праходзіць дыспансерызацыю ў арганізацыях аховы здароўя ў працоўныя дні. Работнікі будуць вызваляцца ад працы. Пры гэтым за імі захаваюць месца працы, пасаду і сярэдні заробак. Колькасць дзён на дыспансэрызацыю наўпрост залежаць ад узросту.

Супрацоўнікам ва ўзросце да 40 гадоў даецца 1 працоўны дзень раз на 3 гады.

Супрацоўнікам, старэйшым за 40 гадоў — 1 працоўны дзень раз на год.

Для тых, каму да пенсіі засталося менш за 5 гадоў, і пенсіянераў, якія працуюць, вылучаюць 2 працоўныя дні раз на год.

Поўны спіс зменаў у Працоўным кодэксе апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Нарматыўныя акты трэба прывесці ў адпаведнасць са змененым кодэксам да 1 лютага 2024 года.

Чытайце таксама: