Горад

Як працуе мясцовае самакіраванне: новы выпуск падкаста «Утульны горад»

Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пазначана, што кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або праз свабодна абраных прадстаўнікоў. Адпаведна, кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваім горадам. Аднак у сучаснай Беларусі грамадзяне і грамадзянкі амаль не маюць такой магчымасці. Гэта пры тым, што гістарычна на беларускіх землях усё з самакіраваннем было вельмі добра. Чаму адбыліся такія змены? Што не так з мясцовым самакіраваннем у Беларусі? Навошта гэтае самакіраванне патрэбна ўвогуле?

У падкасце «Утульны горад» гаварылі пра мясцовае самакіраванне з паліталагіняй Алінай Харысавай. Слухайце размову цалкам або чытайце ў вялікім скароце тэзісна ніжэй.

Што такое мясцовае самакіраванне

Пра мясцовае самакіраванне можна казаць, калі жыхары і жыхаркі самастойна вырашаюць пытанні мясцовага значэння. Напрыклад, у якім-небудзь горадзе (скажам, Гродне) жыве вялікая польская дыяспара. Дыяспара хоча, каб у Гродне былі польскамоўныя дзіцячыя садкі і школы. Гэта мясцовае пытанне, бо дзяржаўная ўлада не мусіць вырашаць, як рэалізаваць чыесці інтарэсы ў канкрэтным горадзе. У нашым выпадку адкрыццё польскіх школ і садкоў - задача для гарадскіх уладаў.

Чаму ў ВКЛ усё было нашмат лепш з мясцовым самакіраваннем, чым зараз

Як тлумачыць Аліна Харысава, у часы ВКЛ у Еўропе ў прынцыпе не было цэнтралізаваных дзяржаў у сучасным разуменні. Гарады, якія мелі Магдэбурскае права, былі вельмі аўтаномнымі. Гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ад суда і ўлады ваявод, стараст і іншых дзяржаўных службовых асоб.

Акрамя таго, людзі мусілі вырашаць мясцовыя пытанні на месцах проста праз узровень тэхнічнага развіцця. Каб даехаць са сталіцы ў нейкі аддалены горад, дзяржаўныя асобы мусілі правесці некалькі дзён у дарозе. Таксама інфармацыю аб тым, што адбываецца ў тых аддаленых гарадах, яны маглі атрымаць толькі праз некалькі дзён.

Чаму ў сучаснай Беларусі ўсё складана з мясцовым самакіраваннем?

Праблема мясцовага самакіравання ў Беларусі складаная. У адсутнасць празрыстых і сумленных выбараў нельга казаць, што дэпутаты мясцовых саветаў - сапраўды абраныя асобы, якія прадстаўляюць інтарэсы мясцовых жыхароў. Што датычыцца выканаўчай улады — старшынь выканкамаў - тут сітуацыя яшчэ горшая, бо гэта не выбарныя пасады, а прызначаныя. То бок, у кіраўнікоў гарадоў няма матывацыі працаваць так, каб падабацца гараджанам, якія могуць пераабраць іх на наступны тэрмін. Старшыня выканкама працуе, каб дэманстраваць лаяльнасць таму, хто яго прызначыў на гэтую пасаду.

Чытайце таксама: 10 крокаў да дэмакратыі. Як развіваць рэгіёны ў Беларусі

Але калі б нават выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў былі сумленнымі, а пасада старшыні выканкама была выбарнай, гэта не вырашыла б праблему доступу людзей да кіравання ўласным горадам. Справа ў тым, што Беларусь — моцна цэнтралізаваная дзяржава ў палітычным і ў эканамічным сэнсе. Калі асноўныя кірункі дзейнасці дыктуюцца зверху і адтуль жа дасылаюцца грошы ў мясцовы бюджэт, у мясцовай улады застаецца няшмат прасторы для ўласнай ініцыятывы, нават калі яна шчыра ў гэтым зацікаўленая.

Некамерцыйныя арганізацыі і нізавыя ініцыятывы

Некамерцыйныя арганізацыі і нізавыя ініцыятывы — гэта, канешне, не органы ўлады, але яны маюць магчымасць уплываць на штодзённасць гараджан і гараджанак. У сітуацыі, калі ўлада прынамсі не цісне на такія ініцыятывы, у гарадах самі па сабе ўзнікаюць чаты паводле інтарэсаў, аб’яднанні валанцёраў, якія потым могуць ператварыцца ў сапраўдную арганізацыю.

З суполкі ў Telegram, якая займаецца дапамогай бадзяжным жывёлам у горадзе, можа пачацца буйная арганізацыя па абароне правоў жывёлаў. Такая арганізацыя праз нейкі час дасць рады стварыць, напрыклад, гарадскі прытулак. Яшчэ праз некаторы час праблема бадзяжных жывёл у горадзе можа і ўвогуле вырашыцца. Або, прынамсі, такіх жывёл стане значна менш.

Гарадская ўлада не можа вырашыць усе магчымыя праблемы. Аднак у прыродзе людзей — шукаць блізкіх сабе па поглядах і каштоўнасцях, аб’ядноўвацца і рабіць нешта разам. Такія аб’яднанні - таксама спосаб уплываць на гарадское жыццё.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Высокая небяспека для грамадства». У Іўі за падпіскі аштрафавалі пастыра

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Іўі судзілі пастыра. Верагодна, гаворка ідзе пра Юрыя Гардзея, пастыра…

18 мая 2024

Натарыус адмовіўся рабіць даверанасць для гродзенца са спісу «тэрарыстаў». Той паскардзіўся ў суд

Беларуса асудзілі паводле некалькіх артыкулаў - у тым ліку за тэракт. Ён адбывае пакаранне ў…

17 мая 2024

У актывісткі страйкама з Гродна на радзіме арыштавалі маёмасць

На актывістку страйкаму "Гроднапрамбуд" Юлію Сліўко завялі новую крымінальную справу. У Беларусі ў яе арыштавалі…

17 мая 2024

Дзяўчынку, якая выпала з атракцыёна ў Лідзе, перавялі з рэанімацыі ў траўматалогію. Што з ёй зараз?

Адзінаццацігадовая дзяўчынка, якая ўпала з вышыні з атракцыёна ў Лідзе, аднаўляецца. Яе перавялі з рэанімацыі…

17 мая 2024

Ва ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой абяцаюць забраць маёмасць у Беларусі

Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі…

17 мая 2024

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13.…

17 мая 2024