Навіны

Праўладны Саюз палякаў звярнуўся да грамадзян Польшчы перад выбарамі: у лісце так шмат памылак, што Google Translate пераклаў бы лепш

Лаяльны рэжыму Лукашэнкі Саюз палякаў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў і рэферэндуму ў Польшчы звярнуўся да польскіх грамадзян. Адкрыты ліст ад Гродзенскага гарадскога аддзялення ГА «Саюз палякаў на Беларусі» апублікавала прапагандысцкая газета «Гродзенская праўда». У лісце лукашэнкаўскія «палякі» заклікаюць галасаваць у рэферэндуме за дэмантаж агароджы на беларуска-польскай мяжы. Яе пабудавалі ў 2022 годзе як адказ на міграцыйны крызіс на мяжы Еўрасаюза, справакаваны ўладамі Беларусі і Расіі.

Ліст напісаны на рускай і польскай мовах. Прычым пераклад на польскую выклікае шмат пытанняў.

Чаму менавіта зараз?

15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Многія ацэньваюць іх як ці не самыя важныя пасля першых часткова вольных выбараў 1989 года, калі ўладу змагла пераняць антыкамуністычная апазіцыя. Разам з выбарамі кіруючая партыя «Права і Справядлівасць» (PiS) вырашыла правесці рэферэндум. На яго выносяць шэраг пытанняў, шчыльна звязаных з нацыянальнай бяспекай і ідэалогіяй. Так PiS спадзяецца прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі як мага болей уласных прыхільнікаў.

Адно з пытанняў рэферэндуму гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю агароджы на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю?». За яго і ўчапілася беларуская прапаганда.

Ілюстрацыя да ліста з «Гродзенскай праўды»

Што «палякі» пішуць у лісце?

У лісце ўздымаецца тэма, якая даўно хвалюе беларускую прапаганду — металічная агароджа на польска-беларускай мяжы. Аўтары ліста, як раней беларускія прапагандысты, хвалююцца за лёс жывёл, што жывуць у Белавежскай пушчы. Агароджа раздзяляе пушчу і не дазваляе ні людзям, ні дзікім жывёлам прайсці з адной краіны ў іншую.

У лісце кажуць, што раздзяленне Белавежскай пушчы агароджай прывядзе да экалагічнай катастрофы. Таму беларускія «палякі» заклікаюць грамадзян Польшчы галасаваць у рэферэндуме за яе знос.

Скрыншот са старонкі «Гродзенскай праўды»

Скрыншот з «Гродзенскай праўды»

Якія памылкі ёсць у лісце?

Ліст відавочна пісаў чалавек, які не вельмі добра валодае польскай мовай. Магчыма, аўтар карыстаўся дапамогай робатаў-перакладчыкаў кшталту Google Translate ці Яндекс Переводчик. Але яны не надта дапамаглі. Некаторыя памылкі вельмі грубыя.

  • Слова «polacy» напісана з малой літары, хаця ўсе нацыянальнасці ў польскай мове пішуцца з вялікай літары: Polacy, Białorusini, Litwini і г. д.
  • Аўтар не адрознівае літар «ż» і «ź», хаця гэта зусім розныя гукі - «ж» і «зь» адпаведна.
  • Замест слова «naród» у адным месцы выкарыстоўваецца сінонім «lud», які стылістычна і сэнсава не пасуе да сітуацыі.
  • У польскай мове два варыянты графічнага запісу гуку «ж» — «ż» і «rz». Аўтар іх блытае.
  • Дзеясловы множнага ліку ў мінулым часе ў залежнасці ад роду могуць заканчвацца на «-li» або «-ły». Аўтар іх блытае.

Гэта толькі некалькі памылак, якія рэдакцыя Hrodna.life заўважыла пры хуткім праглядзе адкрытага ліста. Тут не пералічаныя стылістычныя хібы, якіх у тэксце таксама хапае.

Што гэта за Саюз палякаў?

Ліст напісаны ад імя афіцыйнага праўладнага Саюза палякаў Беларусі. Ён з’явіўся ў 2005 годзе ў выніку расколу ў некалі адзінай арганізацыі. Тады паўстаў незалежны Саюз палякаў, які прызнае афіцыйная Варшава, але не прызнаюць улады ў Мінску. І наадварот — арганізацыя, якая захавала афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі, прызнаецца толькі беларускімі ўладамі і не прызнаецца польскімі.

Афіцыйны Саюз палякаў амаль не вядзе дзейнасці і з’яўляецца хутчэй намінальнай арганізацыяй. Незалежны Саюз палякаў актыўна працягваў працаваць у сферы адукацыі і культуры, пры гэтым рэгулярна з 2005 года сутыкаўся з пераследам.

Вясной 2021 года ключавых кіраўнікоў незалежнага Саюза палякаў у Гродне і рэгіёне арыштавалі. Частку неўзабаве прымусілі выехаць у Польшчу. Старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс была пераведзена на хатні арышт, а праз два гады, у красавіку 2023 года з яе знялі абвінавачанні. Адзін з лідараў Саюза палякаў, журналіст Анджэй Пачобут дагэтуль застаецца ў турме. Яго асудзілі на восем гадоў за нібыта «распальванне варожасці».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024