Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў, дала першае інтэрью пасля спынення яе крымінальнай справы. Больш за два гады таму яе затрымалі ў Гродне, год трымалі ў СІЗА, пасля — пад хатнім арыштам паблізу Адэльска. Зараз выявілася, што складу злачынства не было. Пра свае пачуцці пасля зняволення, чаканні для польскай меньшасці ў Беларусі і чаму не засталася ў Польшчы, калі магла, яна расказала выданню Rzeczpospolita. Hrodna.life абраў некаторыя цытаты.

Анжаліку Борыс затрымалі ў Гродне 23 сакавіка 2021 г. па так званай «справе палякаў». Яна і Пачобут праходзілі па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). У турме ў Борыс моцна пагоршылася здароўе. 25 сакавіка 2022 г. ёй змянілі меру стрымання і вывезлі пад Адэльск. Ёй забаранілі камунікаваць. У публічнай прасторы яна з таго часу не з’яўлялася. У час нядаўняга звароту «да народу і Нацыянальнага сходу» Лукашэнка заявіў, што Анжаліку Борыс «мы ім не аддамо» і назваў яе «сваёй палячкай». У пачатку красавіка 2023 стала вядома, што справу супраць яе спынілі праз «адсутнасць складу злачынства». Трох іншых фігурантак «польскай справы» гвалтоўна вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Яны не могуць легальна вярнуцца ў Беларусь. Анджэю Пачобуту прысудзілі восем гадоў калоніі.

«Няма ні эйфарыі, ні радасці»

«Чалавек пасля такіх перажыванняў [зняволення — Hrodna.life] адчувальны да чужых пакут. Я значна больш хвалююся за іншых людзей. Каштоўнасці мяняюцца. Тое, што калісьці было важным, становіцца няважным. Я не адчуваю ні эйфарыі, ні радасці. Перш за ўсё я хвалююся за сваіх калегаў, за тое, што Анджэй Пачобут выйшаў на волю. Хвалююся за сябровак Ірэну Бернацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Каб яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Бо яны тут нарадзіліся і, упэўнена, вельмі сумуюць. Я таксама хвалююся за тое, каб іншыя людзі мелі нармальнае жыццё».

За кратамі дапамагала, каму магла

«У тых мясцінах таксама ёсць людзі. І з імі трэба знаходзіць агульную мову, як і ў паўсядзённым жыцці чалавека. Я старалася дапамагаць тым, каму магла. Ёсць правіла, што навакольнае асяроддзе будзе ставіцца да цябе гэтак жа, як і ты да гэтага асяродку».

Чалавечыя кантакты, сяброўства і салідарнасць — вечныя і важныя, перакананая Борыс. У зняволенні яна атрымлівала лісты ад сяброў, але не ўсе.

Стаўленне да сябе адміністрацыі турмы Борыс каментаваць адмовілася.

Не лічыць сябе героем

«Я не думаю, што я зрабіла нешта незвычайнае. Я не адчуваю сябе героем і не хачу, каб да мяне ставіліся як да героя. Я была бы больш шчаслівай, калі б Анджэй Пачобут апынуўся ў такой жа сітуацыі, як я сёння».

«Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я спрабавала, але часам арганізм чалавека дае збой і не ўсё залежыць ад нас. Вакол занадта шмат пакут, супраць якіх мае сённяшнія перажыванні нішто. Не хачу перабольшваць сваю ролю, час усё расставіць на свае месцы».

Прапанову з’ехаць адкнула, бо не магла кінуць каляжанак

«У свой час такая прапанова [з'ехаць з Беларусі ў абмен на вызваленне — Hrodna.life] была, але я адмовілася. Па-першае, я тады не ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела, каб я з’ехала з краіны, а яны засталіся».

Калі магчымасць выйсці на волю з’явілася другі раз, яна пагадзілася, бо «не ведала, ці вытрымае ўсё гэта яе здароўе». Борыс пацвердзіла, што яе маці пісала ліст да Лукашэнкі з просьбай вызваліць дачку. Пасля гэтага Борыс змянілі меру стрымання.

Пра сустрэчу з Пачобутам

З Пачобутам за ўвесь час была толькі адна сустрэча два гады таму — літаральна на момант.

«Я сказала яму, што маё здароўе не вытрымае. Ён ехаць катэгарычна адмовіўся. Ён сказаў мне трымацца».

Ці мае польскасць шанец выжыць у Беларусі?

«Гэта не залежыць ад мяне і не залежыць ад польскай меншасці». Борыс нагадала, што пачала клапаціцца пра польскую мову і культуру ў Беларусі яшчэ ў 1992 годзе.

«Шмат чаго здарылася. Пандэмія, а цяпер і вайна ва Украіне. Столькі пакут. Нам застаецца толькі мець добрыя думкі. У нас такія, а не іншыя абставіны».

Чытайце таксама:

Не засталася ў Польшчы, бо быў прызначаны допыт

«Я зараз не думаю пра гэта. Я настаўнік польскай мовы, і для мяне важна мець магчымасць выкладаць польскую мову ў Беларусі. Сітуацыя можа скласціся і інакш, толькі час пакажа».

Нягледзячы на абмежаванні, Борыс была ў Польшчы ў ліпені 2022 года. Гэта была кароткая паездка з Беласток, у час якой яна змагла ўбачыцца са сваімі сябрамі.

«Калегі прасілі мяне застацца ў Польшчы, але ў мяне быў прызначаны тэрмін чарговага допыту. Я адчувала сябе няўтульна з-за гэтага і вырашыла, што трэба вярнуцца. І хай будзе, што будзе. Беларусь — наша краіна, Польшча — другая радзіма. Я не хачу ўцякаць са сваёй зямлі».

У размове Анжаліка Борыс шмат разоў успамінала Анджэя Пачобута і прасіла не забываць пра яго.

У кіраўніцы непрызнанага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў Анжалікі Борыс у жодзінскай турме абвастрыліся сімптомы захворвання, якое яна лячыла раней, з’явіліся сур’ёзныя праблемы з зубамі. Пра гэта паведаміла ў Facebook Агнешка Рамашэўска, дырэктарка аднаго з польскіх тэлеканалаў.

Таксама паводле яе асабістых звестак, у сувязі з пагаршэннем здароўя Анжаліка Борыс нарэшце пагадзілася на выезд у Польшчу, які ёй прапаноўвалі. Раней яна, як і Анджэй Пачобут, адмаўлялася ад прапановы пакінуць Беларусь.

«Але беларускія ўлады прыпынілі яго [выезд], спрабуючы такім спосабам шантажаваць Анджэя Пачобута, — дадае Агнешка Рамашэўска, спасылаючыся на сваю інфармацыю. — Генеральны консул з Гродна Яраслаў Ксёнжэк [выехаў на патрабаванне беларускага боку 13 сакавіка, зараз функцыі генеральнага консула выконвае Анджэй Рачкоўскі. — Заўв. Hrodna.life] піша,
што ў першую чаргу мы павінны ўвесь час патрабаваць безумоўнага вызвалення нашых суайчыннікаў, а не загадзя згаджацца на іх дэпартацыю».

Кіраўнічку непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка, асудзілі на 15 сутак, але пасля не выпусцілі з-пад варты.

Чытайце таксама: Анжелика Борис: «Я договариваюсь на паритетах. Иначе — не уступлю»

Журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута затрымалі ў Гродне 25 сакавіка 2021 года. Абодва лідары польскай меншасці абвінавачваюцца паводле арт. 130

Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). 11 чэрвеня стала вядома, што Анджэй захварэў на каранавірус. Таксама вядома, што ў яго ёсць праблемы з сэрцам. У лістах да жонкі журналіст пісаў, што ў яго збіваецца сардэчны рытм. Да 8 ліпеня ён будзе знаходзіцца ў карантыне, ўвесь гэты час яго не зможа наведваць адвакат, пісала ягоная жонка Аксана Пачобут на Facebook. У Дэпартаменце выканання пакаранняў запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў пра яго здароўе разглядаць адмовіліся, спаслаўшыся на медычную таямніцу.

Чытайце таксама: Пресс-служба МВД: состояние здоровья Дениса Ивашина — удовлетворительное

«Польская справа» ў Беларусі

У сакавіку пракуратура распачала крымінальную справу за ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў. МЗС Беларусі выслала з краіны консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка, а пасля і генеральнага консула Гродна Яраслава Ксёнжыка.

Затрыманыя прадстаўнікі Саюза палякаў, сярод якіх Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут, праходзяць па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Згодна з артыкулам, ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх прызнали палітвязнямі. У сярэдзіне траўня затрыманым працягнулі тэрмін зняволення на тры месяцы.

Трох іншых фігурантак «польскага справы» вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бярнацкая і Марына Цішкоўская. Перад гэтым ім далі падпісаць дакументы аб змене меры затрымання. Ірэна Бярнацкі распавяла, што яе вывезлі ў машыне без нумарных знакаў, а пашпарт застаўся ў дачкі ў Лідзе.

Чытайце таксама: «Боялась, что расстреляют в лесу». Как вывозили из Беларуси задержанных по «польскому делу«

Усе пералічаныя вышэй з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.