Амаль 800 злотых (179 еўра) заплаціў невядомы пакупінік за калоду карт, выдадзеную каля 100 гадоў таму ў Гродне. Гэта захаваны ў добрым стане набор з фабрыкі ігральных карт братоў Лапіных, што дзейнічала ў горадзе у 1920−40 гады. У Гродне сёння такога асобніка няма.

Аўкцыён прайшоў увечары 30 кастрычніка на сайце Allegro.pl. За лот змагалася 29 удзельнікаў. У ходзе таргоў карты падаражэлі больш чым у пяць разоў: ад 150 да 799,5 злотых.

— Вельмі дорага каштуюць тыя прадметы, якія адначасова і цікавыя і рэдкія. На Allegrо карты Лапіных з’яўляюцца прыкладна раз на год, — расказаў выданню MOST беларускі краязнаўца Кастусь Шыталь, які спрабаваў купіць карты для гродзенскага заказчыка. Ён лічыць, што гістарычныя каштоўнасці з тэрыторыі Беларусі павінны быць у беларускіх руках.

Што за карты Лапіных?

Першая краёвая фабрыка ігральных карт братоў Лапіных («Аляксандр Лапін і кампанія») працавала ў Гродне ў 1920−40 гады. Яна знаходзілася ў будынках на Будзёнага 56 і 54, дзе зараз працуе «Белмытсэрвіс». У 2015 годзе ў час рэканструкцыі будынкаў журналіст Hrodna.life (тады яшчэ «Твой стыль») знайшоў у будаўнічым смецці некаторыя карты Лапіных, у тым ліку неразрэзаныя аркушы. Рэдакцыя перадала іх у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. З гэтага пачалася масавая цікавасць да карт Лапіных, а адну з іх калод нават перавыдалі ў Гродне.

Карт Лапіных захавалася мала. Дакладнай такой калоды з 54 карт для гульні ў брыдж і віст, як прадалі на Allegro, у Гродне сёння няма, сцвяраджае MOST. Ідэнтычную па дызайне калоду так званых «рэйнскіх» карт, толькі ва ўпакоўцы іншага колеру, меў былы віцэ-мэр Гродна Аляксандр Мілінкевіч. У 2017 годзе ён перадаў яе творчай групе «А4», якая займалася выданнем адноўленай калоды карт Лапіных.

Адноўленыя карты карысталіся вялікай папулярнасцю, сталі добрым падарункам і турыстычным сувенірам з Гродна. Гэтая калода — адна з дзвюх, што зараз прадстаўляюць Беларусь у міжнароднай супольнасці калекцыянераў ігральных карт.