У чэргах на мяжы з ЕС на некалькі сутак затрымаліся не толькі беларусы на аўто, якія вярталіся дамоў на святы. Аўтобусам з калядных еўратураў прыйшлося стаяць да 16 гадзін. Зараз чэргі меншыя за калядныя, але гэта не фінал.

Аўтобусы звычайна прапускаюць асобна. Большасць чакалі на мяжы «ўсяго» па 6−10 гадзін. Горш за ўсё прыйшлося 23 снежня — аўтобус адной з мінскіх турфірмаў прастаяў на мяжы 11 гадзін, другой — 14, трэці - 16. Кліенты іншага турагенцтва перад Калядамі прачакалі на межах 12−14 гадзін. Такая сітуацыя была і на літоўскай мяжы, і на польскай. Апошні аўтобус з Эўропы трэцяй кампаніі вярнуўся ў Мінск 23 снежня. Замест запланаваных 9 раніцы ён прыбыў у 17.00. Зараз час чакання для аўтобусаў паступова скарачаецца.

Звычайна турфірмы для выезду ў Польшчу і іншыя краіны Еўразвяза выбіраюць даты з мінімальнай загрузкай на мяжы, расказаў Sputnik прадстаўнік турагенцтва. Часцей за ўсё гэта буднія дні ў пачатку і ў сярэдзіне тыдня. Ёсць і пераднавагоднія выезды — 27, 28 і 29 снежня. У інфармацыі па туры тураператар падае і звесткі пра сітуацыю на мяжы. За суткі да выезду агенцтвы могуць змяніць час выезду праз загружанасць на пагранпераходзе. Яго могуць ссунуць на дзве-тры гадзіны раней, каб кампенсаваць чаканне ў чарзе. Да шматгадзіннага стаяння людзі маральна гатовы, гавораць у адной з турфірмаў. На сітуацыю ўплываюць вонкавыя фактары, напрыклад, раптоўная паломка кампутарнага абсталявання. А вось памежнікі на абодвух баках працуюць актыўна, адгукнуліся ў турфірме.

Тыдзень з 18 па 25 снежня Telegram-праект «ГраницаВУ Беларусь-ЕС» назваў самай складанай за год для вяртання ў Беларусь. Гэтымі днямі чэргі ў бок Беларусі для легкавых аўто склалі ад 40 да 60 гадзін.

Якія чэргі на мяжы зараз

Для легкавых аўто, якія занялі чаргу на мяжы 28 снежня, чаканне на польскім «Тэрэспалі» («Брэст») у бок Беларусі склала 14−15 гадзін. Беларускі бок афармляе хутка, калі машына выбірае «зялёны» канал, гавораць кіроўцы.

Афіцыйны польскі памежны рэсурс падае час чакання да пачатку афармлення. У пункце пропуску «Цярэспаль» па стане на раніцу 29 снежня яно складае 7 гадзін для легкавых аўто незалежна ад канала. Для аўтобусаў час чакання прагназуюць 1 гадзіну.

У літоўскім пункце пропуску «Райгардас» («Прывалка») праходжанне мяжы ў бок Літвы 28−29 снежня заняло 12 гадзін, столькі ж у «Лаварышкес» («Катлоўка»). У «Шальчынінкай» («Беняконі») мяжа заняла 14 гадзін. А вось у пункце «Мядзінінкай» («Каменны Лог») у бок Беларусі да шлагбаўма пункта пропуску раніцай 29 снежня чаргі не было ўвогуле.

Хто ж вінаваты?

Па сведчаннях беларусаў, якія вярталіся дадому, асноўная затрымка была менавіта на беларускім баку. Нашы мытнікі доўга і старанна правяралі рэчы, якія ўвозяцца — на некаторых пагранпераходах як на «чырвоным», так і на «зялёным» каналах. Акрамя таго не спыніліся допыты ад супрацоўнікаў КДБ, паглыбленыя надгляды людзей «па спісах» і затрыманні проста на мяжы за «экстрэмісцкія» рэпосты, знойдзеныя ў асабістых тэлефонах.

Беларускі дзяржпагранкамітэт у калядным калапсе на мяжы абвінаваціў Польшчу і яе закрытыя чатыры з пяці пунктаў пропуску, а таксама беларусаў, якія выбіраюць для перасячэння мяжы «чырвоны» калідор для дэкларавання.

У перадкалядныя і калядныя дні беларускі бок прыняў удвая больш машын, чым у папярэднія, канстатаваў Дзяржпагранкамітэт. На мяжы павялічылі колькасць змен кантрольных службаў.

Гэта яшчэ не канец

Абапіраючыся на статыстыку мінулых гадоў, Telegram-канал, прысвечаны мяжы, папярэджвае аб росце чэргаў у бок Беларусі 29−30 снежня.

  • У другой палове дня 29 снежня і 30−31 снежня выезд з Беларусі будзе адносна свабодным.
  • 1 студзеня з Польшчы ў Беларусь і з Беларусі ў Польшчу ў 2022 і 2023 гадах выехала менш за ўсё машын.
  • 5−6 студзеня выезд з Беларусі будзе адносна хуткім. 6 студзеня ў Польшчы, куды многія едуць па пакупкі, выхадны (свята Трох Каралёў, або Багаяўленне).
  • 7 студзеня канал прадказвае вялізныя чэргі на выезд з Беларусі. Рэкамендуюць выбіраць латышскі пункт пропуску «Грыгароўшчына» («Патэрніекі»).

У 2023 годзе менш за ўсё машын з Беларусі ў Польшчу ўехала 10 лютага, а праз «Цярэспаль», ужо пасля закрыцця «Баброўнікаў» — 9 красавіка (на каталіцкі Вялікдзень).