У 2023 годзе 27 грамадзян Беларусі атрымалі адмовы ў выдачы віду на жыхарства ў Польшчы ў сувязі з пытаннямі дзяржаўнай бяспекі. Такую ж адмову атрымалі яшчэ 535 грамадзян іншых краін. Такі адказ Hrodna.life атрымаў ад прэс-сакратара Упраўлення па справах замежнікаў Якуба Дудзяка.

Рэдакцыя Hrodna.life адправіла запыт пасля апублічвання інфармацыі аб кейсе Паўла Юшкевіча. Яму анулявалі від на жыхарства праз пастанову 10-гадовай даўніны: спецслужбы палічылі, што ён уяўляе небяспеку для Польшчы.

Чытайце таксама: «Справы вядуцца дзясяткамі». Адвакат-міжнароднік Алесь Міхалевіч расказаў, чаму спецслужбы еўрапейскіх краін блакуюць грамадзянства беларусам

Ва Упраўленні па справах замежнікаў паведамілі, што інфармацыя аб канкрэтных справах або працэсах можа быць прадастаўлена толькі зацікаўленым замежнікам або іх адвакатам.

Чаму могуць забраць від на жыхарства?

Прэс-сакратар адзначыў, што ў адпаведнасці з палажэннямі Закона аб іншаземцах (арт. 199 ч. 1), дазвол на пастаяннае пражыванне адбіраецца ў замежніка, калі:

  • 1) гэта патрабуецца па меркаваннях абароны або дзяржаўнай бяспекі або абароны грамадскай бяспекі і парадку,
  • 2) гэтага патрабуюць інтарэсы Польшчы,
  • 3) у працэсе разгляду справы аб выдачы яму/ёй гэтага дазволу:

a) ён падаў заяву аб выдачы дазволу, якое змяшчае ілжывыя асабістыя дадзеныя або ілжывую інфармацыю, або прыклаў дакументы, якія змяшчаюць такія дадзеныя або інфармацыю,

б) ён ці яна далі ілжывыя паказанні або ўтаілі праўду, або падрабілі або сфальсіфікавалі дакумент, каб выкарыстоўваць яго, ці выкарыстоўвалі такі дакумент як сапраўдны,

  • 4) быў прысуджаны канчатковым рашэннем суда за наўмыснае злачынства да турэмнага зняволення на тэрмін не менш за тры гады,
  • 5) пакінуў тэрыторыю Польшчы на тэрмін, які перавышае шэсць гадоў.

30 дзён, прапісаныя ў пазбаўленні віду на жыхарства, — гэта тэрмін добраахвотнага выезду з тэрыторыі Польшчы. Пасля гэтага пачынаецца працэдура дэпартацыі - напрыклад, памежнай службай. Пры гэтым вам могуць выдаць дазвол на «талерантнае знаходжанне» або «па гуманітарных меркаваннях» у сітуацыі патэнцыйнай пагрозы бяспекі замежніка на радзіме. Нявыдачу іх можна абскардзіць.

Таксама ў Польшчы можна звярнуцца па міжнародную абарону, калі вы асцерагаецеся за сваю бяспеку на радзіме, уключаючы пераслед праз свае погляды ці палітычную і грамадскую дзейнасць.

Што яшчэ Hrodna.life хацеў даведацца?

Ва ўпраўленні не раскрылі, колькі беларусаў дэпартавалі пасля пазбаўленне віду на жыхарства (дэпартацыя ўваходзіць у кампетэнцыі памежнікаў). Таксама без адказу засталіся пытанні, што можа быць прычынай негатыўнага рашэння ABW (польская спецслужба), ці можна прайсці праверку зноўку або абскардзіць яе і ці паўплывае на рашэнні польскіх чыноўнікаў рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека па справе дэпартаванага ў 2016 годзе беларуса, у справе якога Трыбунал прызнаў парушэнне яго правоў. Прэс-сакратар параіў звярнуцца з пытаннямі ў ABW і памежную службу.