Навіны

80% замежных турыстаў - расіяне. Колькі турыстаў наведала Гродзеншчыну ў 2023 годзе

Гродзенскую вобласць у 2023 годзе наведала больш за 1 млн беларускіх і замежных турыстаў і экскурсантаў. Паводле чыноўнікаў турыстычнай галіны, гэта рэкордная лічба, паведаміў тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».

Больш за ўсё турыстаў - з Расіі

Расіяне склалі 80% ад усёй колькасці замежных турыстаў, якія затрымліваліся ў Гродне як мінімум на адзін дзень. Агулам хаця б з адным начлегам рэгіён наведалі прыкладна 600 тыс. чалавек, а колькасць экскурсантаў была больш за 1 млн.

У гатэлях спыняюцца пераважна беларусы

У 2023 годзе ў вобласці працавала 63 гатэлі і аналагічных сродкаў размяшчэння турыстаў. Іх паслугамі скарысталіся 180 тыс. чалавек. Большасць кліентаў гасцініц — амаль 132 тыс. чалавек — грамадзяне Беларусі.

Што, акрамя Гродна, прываблівае турыстаў

Акрамя Гродна, турысты наведваюць Навагрудак і Ліду. Таксама папулярныя накірункі - Астравецкі і Смаргонскі раёны, аб’екты рэлігійнага турызму ў Слонімскім і Зэльвенскім раёнах.

«Апошнім часам набіраюць папулярнасць падарожжы ў Ваўкавыскі раён», — сказала намесніца кіраўніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

Летась у Гродзенскай вобласці адкрылі 11 турысцка-інфармацыйных цэнтраў. У 2024 годзе плануюць адкрыць яшчэ тры, у тым ліку ў Гродне.

Статыстыка турфірм: больш вывозілі за мяжу беларусаў, чым прывозілі замежнікаў

У канцы 2023 года ў Гродзенскай вобласці турыстычнай дзейнасцю займалася 78 арганізацый. Праз іх паслугі выязджала за мяжу 16,9 тыс. беларусаў. Сярэдняя працягласць побыту беларускіх турыстаў за мяжой — восем дзён.

Гэтыя ж турыстычныя арганізацыі абслужылі 5,5 тыс. замежных турыстаў. У сярэднім яны прыязджалі на тры дні.

Чытайце таксама: Каранік расказаў, што турыстаў на Гродзеншчыне стала ў 10 разоў больш. Але з лічбамі нешта не так

Колькасць турыстаў расце пасля пандэмійных гадоў

У ліпені і жніўні 2022 у Гродна ўпершыню пасля пандэміі хлынулі плыні турыстаў. Асноўнымі гасцямі ў 2022 годзе былі расіяне і ўнутраныя беларускія турысты. Для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы ўвялі новы, яшчэ больш просты спосаб прыехаць без візы, але іх было выразна менш. Агулам у 2022 годзе ў Гродна прыехала больш за 50 тыс. турыстаў.

Горад тады аказаўся не гатовы да турыстычнага буму. У летнія месяцы ў гродзенскіх гасцініцах не было месцаў, не хапала экскурсаводаў, а ў Стары замак не было квіткоў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024

Нерухомасць тыдня: кампактная двухпакаёўка з відэапраектарам ля «Баторыі»

Двухпакаёвая кватэра па вул. Стэфана Баторыя, 10 прадаецца ў Гродне. Фішка кватэры - відэапраектар з…

15 мая 2024