Навіны

У Лідзе паспрабуюць «затрымаць» турыстаў: створаць пашпарт, адкрыюць кафэ, ажывяць пешаходную вуліцу

Мясцовыя ўлады паставілі задачу затрымаць турыстаў у Лідзе хаця б на суткі. Для гэтага там плануюць стварыць пашпарт турыста, ажывіць вуліцу каля замка і развіваць гастраіндустрыю. Тэлеканал «Беларусь 4. Гродна» распавёў, як у Ліду плануюць прыцягваць турыстаў.

Асноўная турыстычная кропка ў Гродзенскай вобласці - Гродна. Туды турысты прыязджаюць у сярэднім на тры дні. Таксама турысты наведваюць Навагрудак і Ліду, але звычайна там не затрымліваюцца даўжэй, чым на некалькі гадзін, і працягваюць маршрут у іншыя месцы. Адсюль у лідскіх уладаў і з’явілася ідэя развіваць інфраструктуру, каб затрымліваць турыстаў.

Ажывяць пешаходную вуліцу і раздадуць турыстам пашпарты

У 2024 годзе ў Лідзе плануюць стварыць пашпарт турыста. Ён будзе падобны да таго, які ў 2018 годзе прэзентавалі ў Гродзенскай вобласці. Тады выдалі друкаваныя буклеты з інфармацыяй аб гасцініцах, аграсядзібах, хостэлах, славутасцях, кавярнях і рэстаранах на англійскай, польскай і рускай мовах. Яны сапраўды вонкава выглядалі як пашпарты.

Атрымаць такі пашпарт турыст зможа бясплатна ў турыстычных аб’ектах. Плануецца, што з гэтым буклетам турыст будзе мець невялікую зніжку ў выбраных месцах.

Летась побач з замкам у Лідзе стварылі пешаходную вуліцу. У 2024 годзе гэтую вуліцу плануюць «ажывіць». Таксама ў горадзе разнастаілі віды турызму і паклапаціліся пра ўмовы пражывання і харчавання гасцей.

«Мы сёння можам прапанаваць гасцям неблагі прамысловы турызм, праехаць па святынях лідскага рэгіёна і ў цэлым затрымацца на суткі ў нас, — сказаў старшыня Лідскага гарвыканкама Сяргей Ложэчнік. — Ужо ў гэтым сезоне будуць з’яўляцца новыя рэстараны, кавярні нейкія».

У Лідскім замку арганізуюць «археалагічныя раскопкі»

Лідскі гісторыка-мастацкі музей, у склад якога ўваходзяць таксама экспазіцыі ў замку і доме Валянціна Таўлая, летась наведалі 123 тыс. турыстаў і экскурсантаў. Супрацоўнікі замка лічаць, што сучасных гасцей не прыцягнеш некалькі разоў аднымі і тымі ж выставамі. Таму ў вясенне-летні перыяд на тэрыторыі замка плануюць арганізаваць пляцоўку для імправізаваных археалагічных раскопак.

«Госці могуць адчуць сябе археолагамі […] Паводле ўсіх стандартаў археалагічных раскопак, у пальчатках, з пэндзлямі, людзі праводзяць раскопкі і абмяркоўваюць, што гэта такое», — сказала загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Некрашэвіч.

Чытайце таксама: У вёсцы пад Лідай з’явіцца гасцініца з нумарам люкс

Адкрылі турыстычны цэнтр і будуць ствараць кластар

У кастрычніку 2023 года ў Лідзе адкрылі турысцка-інфармацыйны цэнтр. У планах стварыць кластар, які аб’яднае зацікаўленыя арганізацыі, якія аказваюць паслугі ў турыстычнай сферы. Таксама ў горадзе плануюць наладзіць рэгіянальнае супрацоўніцтва з іншымі турыстычнымі цэнтрамі Прынёмання.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024

Нерухомасць тыдня: кампактная двухпакаёўка з відэапраектарам ля «Баторыі»

Двухпакаёвая кватэра па вул. Стэфана Баторыя, 10 прадаецца ў Гродне. Фішка кватэры - відэапраектар з…

15 мая 2024