Пажар здарыўся ў будынку мытні Літвы ў пункце «Мядзінінкай» (з беларускага боку «Каменны Лог»). У будынак ангара на праверку загналі аўтамабіль, ён успыхнуў, а ад яго загарэўся сам будынак.

Абноўлена: падчас пажару пацярпеў мытнік — ён атруціўся ўгарным газам, піша Delfi.

Абноўлена: з 11.25 аднавілі пропуск аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў, якія едуць у Літву з боку Беларусі, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт.

Каля 02.40 на пагранічным пункце пропуску «Мядзінінкай», у ангары Віленскай тэрытарыяльнай мытні быў дагледжаны аўтамабіль Porsche Cayenne, піша 15min.lt са спасылкай на Упраўленне паліцыі. Па словах чыноўнікаў, машыну абшукалі па падазрэнні ў захоўванні кантрабандных цыгарэт. Пакуль мытнік правяраў машыну ў пошуках схованак для цыгарэт, яна раптоўна загарэлася.

У час пажару згарэў аўтамабіль, таксама загарэліся ангар аўтатэхагляду і адміністрацыйная частка будынка. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Памер шкоды вызначаюць.

Крыніца: Дзяржпагранкамітэт Беларусі

Пажар на памежным пераходзе тушылі больш за 4 гадзіны. Былі задзейнічаны восем аўтацыстэрнаў, дзве аўталесвіцы і аўтамабіль штаба.

пажар на літоўскай мяжы - аўтамабіль
Згарэлы аўтамабіль. Фота Мытнай крымінальнай службы / 15min.lt
тушаць пажар на літоўскай мяжы
Пасля пажару на літоўскай мяжы. Фота: Irmanto Gelūno / BNS nuotr / 15min.lt

У 9.13 раніцы ў чаце, прысвечаным мяжы, напісалі, што літоўскі бок пачаў прапускаць транспарт у бок Беларусі. Транспарт у бок Літвы не прапускаюць, паводле папярэдняй інфармацыі - да вечара 18 красавіка.

На дадзены момант адзіны дзейны пагранпераход на літоўска-беларускай мяжы — «Шальчынінкай» — «Беняконі».

Чытайце таксама: Перадапошні памежны пераход у Гродзенскай вобласці могуць закрыць у траўні