Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Кветкавыя аркі на Савецкай у Гродне выклікалі спрэчкі сярод гараджан

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі 11 масіўных жалезных арак. На іх плануюць размясціць кашпо з кветкамі - па 84 на кожнай арцы. Плюсы і мінусы такога ўпрыгожвання Гродна гараджане абмеркавалі ў гарадскім пабліку ў Facebook.

Кветак у арках пакуль няма, але жыхары баяцца, што вада з кропельнага паліву будзе цячы на галовы, а аркі захіляць гістарычную вуліцу.

«Схаваны прастор і старая архітэктура вул. Савецкай», — лічыць Аляксандр.

«Больш за ўсё мне шкада турыстаў, таму, што прыгажосці архітэктуры будуць засланяцца гэтымі канструкцыямі, і на фатаграфіях будуць адны кветкі», — заўважыла Святлана.

«А калі паліваць будуць, капаць на галовы будзе? Увесь народ толькі па Савецкай і шпацыруе!», — хвалюецца Ірына.

Цветочные арки на Советской в Гродно
Кветкавыя аркі на Савецкай. Крыніца: група «Гродно» ў Facebook

У абмеркаванні пішуць, што арак паставілі занадта шмат — можна было толькі ў пачатку вуліцы, і што такія кветкавыя аркі лепш глядзеліся б у парку.

«Не хапае кветнікаў з цэглы, пафарбаваных бяліламі», — іранізуе карыстальнік Eugeniush, і цікавіцца, ці купілі ўжо спанбонд.

«Масіўныя тоўстыя канструкцыі, як быццам рыхтуюцца пракладаць эстакаду шматпалосную. Гэта ўвогуле нейкая манія ў „архітэктараў“ дзяржаўных рабіць лаўкі, агароджы, слупы, парэнчы з масіўных непрапарцыянальна тоўстых труб, якія вытрымаюць ядзерны ўдар», — абураецца Gena Bu.

Каментатары таксама ўспаміналі кветкі на Старым мосце ў 2024 годзе — і з надзеяй, што на Савецкай будзе «так жа казачна», і з шкадаваннем, што там яны закрываюць від на Нёман і замкі.

«З моста адкрываецца цудоўны від на Нёман, замак, Каложу, у парку — на Швейцарскую даліну. А ўсё захінаюць кветкі, якія выдатна глядзяцца на клумбах, дзе нічога не захінаюць. Кветкі ёсць у кожным горадзе, а такія пейзажы з архітэктурай і скульптурай, як у Гродне, гэта славутасць толькі нашага горада», — заўважыла Марына.

Цветочные арки на Советской. Фото: Александр Архипов в Facebook
Кветкавыя аркі на Савецкай. Фота: Аляксандр Архіпаў у Facebook

Некаторыя каментатары прапануюць усё ж пачакаць, калі з’явяцца кветкі, і тады абмяркоўваць. Ёсць тыя, каму ідэя падабаецца.

«З кветкамі будзе прыгожа. Аркі знаходзяцца на вялікай адлегласці адна ад адной. І ніякага агляду засланяць не будуць», — упэўнена Taya Cat.

«Расліны, што віюцца па арцы — будзе супер», — мяркуе Vero Nika.

Мільён кветак для Гродна — пасля паездкі ў Кітай

У новым сезоне гарвыканкам вырашыў азеляняць Гродна з дапамогай мільёна кветак. Для гэтага спецыяльна мадэрнізавалі цяпліцы Гродназеленбуда. У горадзе ўсталююць новыя вертыкальныя канструкцыі, будзе шмат клумбаў.

На парэнчах Старога моста зноў размесцяць кветкі - супертуніі ружовага, белага, жоўтага і чырвонага колераў. Яны будуць ісці не суцэльнай паласой, а хвалямі. Так частка парэнчаў застанецца адкрытай і ў прасветы будзе відаць Нёман і замкі. Кветкі размяркуюць па адным колеры на «хвалю».

Зрабіць горад у прамым сэнсе больш квітнеючым гродзенскія чыноўнікі вырашылі пасля візіту ў Кітай — там іх уразіла колькасць кветак. Кветкавыя сцены з петуній у Гродне ў 2024 годзе рэалізавалі на агароджы парка Жылібера і на Старым мосце.

Чытайце таксама: У Гродне з’явяцца новыя клумбы — высаджваць кветкі будуць з дапамогай спецыяльнай машыны