Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Гродзенскія вну ў рэйтынгу THE: што гэта значыць

Гродзенскія медыя расказалі пра тое, што «ўніверсітэт з Гродна ўвайшоў у лік кандыдатаў на ўключэнне ў спіс лепшых ВНУ свету». Справа ў тым, што брытанскі часопіс Times Higher Education (THE) апублікаваў глабальны рэйтынг ВНУ World University Rankings. У спісе сапраўды аказаліся дзевяць беларускіх ВНУ, у тым ліку дзве гродзенскія — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Рэдакцыя Hrodna.life разабралася, як ВНУ могуць трапіць у рэйтынг і ці значыць гэта, што беларускія ВНУ прызнаюцца на міжнародным узроўні.

Што гэта за рэйтынг універсітэтаў?

World University Rankings паказвае, якія ўніверсітэты лічацца лепшымі ў свеце. Ацэнка праводзіцца па якасці даследаванняў, выкладання, навуковаму асяроддзю, міжнародным сувязям і сувязі з індустрыяй. Першы рэйтынг ТНЕ быў складзены ў 2004 годзе. Тады ў ім удзельнічала ўсяго 200 ВНУ. У 2025 годзе ацэньвалі ўжо больш за тры тысячы ўніверсітэтаў, а ў выніковы рэйтынг трапіў 2191 універсітэт са 115 краін.

У 2025 годзе, як і ў мінулыя гады, лідзіруе Оксфардскі ўніверсітэт. За ім ідуць Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Прынстан і Кембрыдж. У першую дзясятку таксама традыцыйна ўваходзяць Гарвард, Стэнфард і Ельскі ўніверсітэт.

Некаторыя буйныя ВНУ адмаўляюцца ўдзельнічаць у рэйтынгу. Сярод іх — Сарбона, Універсітэт Цюрыха, некалькі індыйскіх тэхналагічных інстытутаў (2020), а таксама Кітайскі народны ўніверсітэт, універсітэты Нанкіна і Ланьчжоу (2022) і Універсітэт Утрэхта (Нідэрланды) (2023).

Як ВНУ трапляюць у сусветны рэйтынг

У пачатку кожнага года на сайце World University Rankings адкрываецца спецыяльная форма, якую могуць запоўніць прадстаўнікі любога ўніверсітэта свету. На аснове ўсіх заявак фарміруецца спіс і выбіраюцца лепшыя ВНУ. Методыка складання рэйтынгу строгая і дэталёва прадуманая.

Ацэнка праводзіцца па якасці даследаванняў, выкладання, навуковаму асяроддзю, міжнародным сувязям і сувязі з індустрыяй.

Напрыклад, універсітэт павінен апублікаваць не менш за 1000 навуковых артыкулаў у аўтарытэтных часопісах за апошнія пяць гадоў перад падачай заяўкі.

Каб не выключаць ВНУ, якія не пасуюць пад усе крытэрыі, у 2021 годзе ўвялі паняцце «ўніверсітэт-рэпарцёр». Гэта дазваляе зрабіць ВНУ бачнай для будучых студэнтаў. У гэтую катэгорыю могуць уваходзіць, напрыклад, навучальныя ўстановы, якія прапануюць навучанне толькі па адной спецыяльнасці ці не маюць праграм бакалаўрыяту.

Гродненский государственный университет, главный корпус
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, галоўны корпус. Фота: ГрДУ

Беларускія ВНУ ў рэйтынгу

З беларускіх універсітэтаў у рэйтынг трапіў толькі адзін — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён знаходзіцца ў групе 1500+, гэта значыць у канцы спісу.

Астатнія восем — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі і Гродзенскі дзяржаўныя медыцынскія ўніверсітэты, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, а таксама Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, хоць і былі пададзены — не адпавядаюць крытэрыям і знаходзяцца ў канцы спісу, як універсітэты-рэпарцёры.

Паводле звестак рэйтынгу, у Гродзенскім універсітэце вучацца каля 8,4 тысячы студэнтаў. На аднаго выкладчыка прыпадае прыкладна 10 студэнтаў, замежных — каля 9%, а жанчын крыху больш, чым мужчын. У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце навучаюцца каля 5,1 тысячы студэнтаў. На аднаго выкладчыка прыпадае амаль 10 студэнтаў, замежных студэнтаў — каля чвэрці, а жанчын тут значна больш, чым мужчын.

А што ў нашых суседзяў?

У рэйтынгу ўдзельнічаюць універсітэты ўсіх суседніх краін. Польшча прадстаўлена 45 ВНУ. Большасць з іх прайшлі поўную ацэнку, толькі тры — у статусе ўніверсітэтаў-рэпарцёраў. Сярод вядомых — Ягелонскі ўніверсітэт і Уроцлаўскі медыцынскі ўніверсітэт (група 500+), Варшаўскі ўніверсітэт і Медыцынскі ўніверсітэт у Лодзі (600+), а таксама менш буйныя ВНУ накшталт Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага або Універсітэта Яна Каханоўскага (1500+).

Апублікаваны рэйтынг лепшых універсітэтаў свету. У спісе ёсць і гродзенскія ВНУ, але яны не адпавядаюць крытэрыям
Ягелонскі ўніверсітэт. Фота: studyinpoland.pl, носіць ілюстрацыйны характар

Літва прадстаўлена шасцю ўніверсітэтамі, Латвія — пяццю. Адзін з іх не адпавядае патрабаванням рэйтынгу. Рыжскі тэхнічны ўніверсітэт і Латвійскі ўніверсітэт аказаліся ў групе 1001−1200, Рыжскі ўніверсітэт Страдыня — 1201−1500, а Латвійскі ўніверсітэт біялагічных навук і тэхналогій — 1501+.

Украіна прадстаўлена 67 ВНУ (22 з іх трапілі ў рэйтынг, лепшы вынік у Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта — ён знаходзіцца ў катэгорыі 1000+), Расія — 103. У топ-200 увайшоў МДУ імя М. В. Ламаносава, заняўшы 133 месца.