Гродна трапіла ў спіс беларускіх гарадоў, якія спалучаюць моцную дэмаграфію, эканамічны патэнцыял і якасць жыцця. Горад заняў трэцяе месца сярод найлепшых для жыцця гарадоў Беларусі, саступіўшы толькі Мінску і Брэсту. Новы «Рэйтынг беларускіх гарадоў» прэзентаваў даследчы інстытут Цэнтр новых ідэй.
Рэйтынг вядзецца з 2019 года і ў раней Гродна заўсёды займала другое месца. У 2026-м горад упершыню апусціўся на трэцюю пазіцыю, саступіўшы Брэсту.
Топ-10 гарадоў Беларусі
Усяго ў Беларусі 115 гарадоў, але даследчыкі цэнтра ўключылі ў свой рэйтынг толькі 40 з іх. Спіс 10 найлепшых гарадоў Беларусі выглядае так:
- Мінск
- Брэст
- Гродна
- Смалявічы
- Віцебск
- Магілёў
- Мазыр
- Гомель
- Салігорск
- Кобрын
Раней у топ-10 уваходзіла Ліда. Але гэты райцэнтр Гродзенскай вобласці выпаў з дзясяткі лідараў яшчэ ў 2022 годзе.
Чытайце таксама: Гродна трапіў у топ гарадоў Беларусі па колькасці арэндных кватэр
Як выбіралі, які беларускі горад найлепшы
Гарады Беларусі ранжыравалі паводле пяць вымярэнняў:
- дэмаграфічная ўстойлівасць,
- стан эканомікі,
- якасць жыцця,
- мясцовыя ўлады
- турыстычная прывабнасць.
Кожнае з гэтых вымярэнняў мела сваю вагу ў агульных выніках: эканоміка і якасць жыцця давалі па 30% выніковага бала, дэмаграфія – 20%, а мясцовыя ўлады і турызм – па 10%. Памер горада таксама меў значэнне. Даследчыкі вырашылі, што чым больш горад, тым больш ён павінен атрымаць бонусных балаў. Маўляў, жыццё ў вялікім горадзе само па сабе дае большыя магчымасці.
Як ацэньвалі асобныя крытэрыі і чаму Гродна саступіў іншым гарадам?
Дэмаграфічную ўстойлівасць ацэньвалі паводле долі насельніцтва, якая перакрочыла так званы прадуктыўны ўзрост і паводле натуральнага прыросту. Гродна з’яўляецца адным з нямногіх беларускіх гарадоў, дзе насельніцтва ўсё яшчэ расце, хай сабе і павольна.
Стан эканомікі ацэньвалі праз беспрацоўе, інвестыцыі ў асноўны капітал, сярэдні заробак у горадзе, колькасць малых і сярэдніх арганізацый і колькасць квадратных метраў жылля на аднаго гараджаніна. Але тут да рэйтынгу могуць быць пытанні: Гродна апынуўся толькі на 34-м месцы, за Магілёвам, Лідай, Навагрудкам, Пружанамі і многімі іншымі гарадамі.

Турыстычную прывабнасці мераў Яндэкс, а якасць жыцця вымяралі ў пунктах выдачы Wildberries
Турыстычную прывабнасць гарадоў Цэнтр новых ідэй вымяраў з дапамогай дзіўнай метадалогіі. Напрыклад, лічылі колькасць запытаў пра гарадскія славутасці і мясцовыя гатэлі паводле інструмента Яндэкс Wordstat. Маўляў, гэта найбольш папулярны інструмент для рускамоўных гасцей замежжа. Аднак гэта далёка не адзіны і нават не самы адэкватны інструмент. Многія ў падарожжы карыстаюцца і пошукам у Google, і запытамі ў штучным інтэлекце.
Паводле экспертаў Цэнтра новых ідэй за 2025 год колькасць запытаў на пошукавых платформах наконт адметнасцяў і гатэляў па Гродне склала 586. Аднак толькі на адным Hrodna.life матэрыялы на тэму турыстычных сувеніраў з Гродна прачыталі не менш за 3000 разоў карыстальнікі з Беларусі і амаль 8000 разоў карыстальнікі з Расіі. Арыентаваныя на турыстаў матэрыялы пра начлегі ў Гродне, установы грамадскага харчавання і гродзенскія музеі таксама агулам прачытала больш за 5000 карыстальнікаў з Беларусі – і гэта без уліку турыстаў з Расіі, якія таксама актыўна чытаюць наш сайт.

Якасць жыцця, як і ў мінулыя гады, эксперты вымяралі праз колькасць дактароў і ўзровень злачыннасці. Але сёлета дадалі яшчэ паказчык колькасці “Еўраоптаў” і пунктаў выдачы Wildberries на 10 000 жыхароў. Па гэтых паказчыкаў Гродна саступае амаль любому райцэнтра Беларусі – адсюль і заніжаны рэйтынг.
Акрамя «Рэйтынгу беларускіх гарадоў» ёсць яшчэ «Барометр беларускіх гарадоў». У ім не ацэньваюцца аб’ектыўныя паказчыкі. Ён вызначае гарады, якія самі беларусы лічаць найлепшымі для жыцця. У 2023 годзе ў барометры Гродна заняло другое месца пасля Брэста, а Мінск быў толькі на трэцім.




