Фестываль LIDBEER у Лідзе пройдзе 29 жніўня – пра гэта арганізатары паведамілі ў Threads. Раней яны ж паведамлялі, што фестываль не адбудзецца “па прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў”.

«Вам не падалося, LIDBEER’2026 быць», — напісалі ў сацсетках арганізатары.

Змяненне ў планах абгрунтавалі тым, што сёлета адзначаецца 150-годдзе кампаніі “Лідскае піва”: «Мы павінны зрабіць сапраўдны падарунак кожнаму і сабраць вас усіх у нас у гасцях у Лідзе». 

Арганізатары таксама адзначылі, што на іх рашэнне паўплывалі “шматлікія просьбы” аўдыторыі вярнуць фестываль.

Пакуль пост арганізатараў сабраў крыху больш за 30 каментароў. У іх карыстальнікі просяць запрасіць «сапраўды добрых госцяў, а не ўсякіх «Чайфаў» з Кіпелавым». Цікавяцца, ці будзе платны ўваход, а таксама радуюцца вяртанню фестываля.

«На Казантып мамка не пускала, на лідбір і віва Браслаў жонка і дзеці», — піша адзін з удзельнікаў абмеркавання.

«Той Лідбір, дзе былі Акеан Эльзы, Крамбабуля і Пятля Прыхільнасці на адной сцэне назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. Цікава, канешне, хто будзе хэдлайнерам у гэты раз», — цікавіцца іншы карыстальнік. 

«Урааааа!!!!» — выказваецца трэці. 


Аб адмене LIDBEER стала вядома ў сакавіку 2026. Арганізатары паведамілі ў Threads, што фестываль не адбудзецца з прычын, якія ад іх не залежаць. Пасля пост знік з акаўнта – верагодна, яго выдалілі. 

Праўда, фестываль адмянялі і раней. З 2020 па 2022 год яго не праводзілі — арганізатары тлумачылі гэта “кавіднымі” абмежаваннямі. У 2024 у Лідзе замест фестывалю LIDBEER правялі «Харчфэст». Яго арганізатарам стаў райвыканкам, свята сумясцілі з Днём горада.

Чытайце таксама: “На жаль, месцаў няма”. Паспрабавалі забраніраваць жытло ў Лідзе на “ХарчФэст” з Бузавай – аказалася, ажыятаж ёсць

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы