Журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут сустрэўся ў бальніцы са сваёй жонкай. Пра гэта жонка паведаміла на сваёй Facebook-старонцы. Рэдакцыя Hrodna.life расказвае, што яшчэ вядома пра Пачобута праз суткі пасля вызвалення з беларускай турмы.

Сустрэча з жонкай

Зараз Анджэй Пачобут знаходзіцца ў адным з варшаўскіх шпіталяў на абследаванні. Тут ён сустрэўся са сваёй жонкай Аксанай Пачобут. «Самая добрая з усіх магчымых раніц», – падпісала сумеснае фота жанчына.

Правёў у зняволенні 1860 дзён і не ведаў пра абмен

Анджэй Пачобут прабыў у зняволенні пяць гадоў – з сакавіка 2021 па красавік 2026. Сумарная колькасць дзён – 1860. 

Частку тэрміну журналіст знаходзіўся ў карцэры – адзіночнай камеры, дзе ўмовы ўтрымання лічацца яшчэ больш жорсткімі. Свайму сябру Бартошу Бялінскаму Пачобут распавёў, што знаходзячыся ў карцэры рабіў па 140 адцісканняў за раз.

Пра абмен Пачобут не ведаў да апошняга – яму казалі, што плануецца перавод у іншую турму.

Схуднеў амаль на 20 кілаграм

Па словах прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, Пачобут моцна схуднеў у зняволенні. Тры гады таму ён важыў 93 кілаграмы, у дзень вызвалення — 74.

Не прыняў удзел у прэс-канферэнцыі

Традыцыйна пасля выхаду беларускіх палітвязняў на волю тыя бяруць удзел у прэс-канферэнцыях, дзе адказваюць на пытанні журналістаў. Вызваленне Пачобута пракаментаваў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, сам Анджэй перад камерамі не з’явіўся.

Атрымае вышэйшую ўзнагароду Польшчы пасля “адаптацыі”

Яшчэ ў зняволенні Анджэя Пачобута адзначылі вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы – ордэнам Белага Арла. Прэзідэнт краіны Караль Наўроцкі запрасіў Пачобута забраць ордэн “пасля ўсяго працэсу адаптацыі”.

У Беларусь вярнулася пяць зняволеных

Абмен Анджэя Пачобута праходзіў па формуле “пяць на пяць”. З беларускіх турмаў адпусцілі трох грамадзянаў Польшчы і двух грамадзянаў Малдовы.

У адказ Мінску і Маскве перадалі археолага Аляксандра Буцягіна, грамадзянку Расіі Ніну Папову і былога намесніка кіраўніка малдаўскай спецслужбы СІБ Аляксандра Балана.

Джон Коўл зноў збіраецца ляцець у Беларусь

Перамовы з Лукашэнка аб вызваленні палітвязняў праводзіць спецпасланнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл. Палітык заявіў, што праз два-тры тыдні ён зноў наведае Мінск і сустрэнецца з Лукашэнка.

Хто такі Анджэй Пачобут

Гродзенскі журналіст і адзін з лідэраў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбываў пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году. Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыях, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі, вывучаў гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі.

Прыгавор яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі па арт. 361 КК “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” і арт. 130 КК “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці”. Праз два дні пасля вынясення прысуду – 10 лютага 2023 года – Польшча закрыла памежны пункт пропуску “Баброўнікі” на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасьля вызвалення Пачобута.

Пазней стала вядома, што Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы плануе з 17 лістапада адкрыць два аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») і «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку «Брузгі»). Пункты пропуску былі адчыненыя. Рух там аднавіўся ў 2 гадзіны ночы 17 лістапада.

Анджэй Пачобут выйшаў на волю 28 красавіка 2026 года ў выніку працяглых перамоваў спецслужбаў.

Чытайце таксама: Падзяка Трампу і расійскаму ФСБ. Што кажуць палітыкі розных краін пра вызваленне Анджэя Пачобута

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы