Пасля цяжкай аперацыі і некалькіх месяцаў барацьбы за жыццё былому кандыдату ў прэзідэнты Беларусі і ўраджэнцу Гродна Аляксандру Мілінкевічу неабходны сродкі на далейшае лячэнне і інтэнсіўную рэабілітацыю. Яго жонка Іна Кулей звярнулася з просьбай пра дапамогу ў сваім акаўнце ў Facebook. Сям’я адкрыла збор грошай на польскай дабрачыннай платформе. Усяго патрэбна 120 тысяч злотых — амаль 91 тысяча рублёў.
У лістападзе мінулага года Мілінкевіч перанёс складаную аперацыю. Урачы выявілі тромб, які перакрываў правую сонную артэрыю на 80%. Медыкі папярэджвалі, што маруджанне магло прывесці да фатальных наступстваў.
Аперацыя і цяжкія ўскладненні
«25 лістапада аперацыя была праведзеная. Але яе наступствы аказаліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся. У Аляксандра здарыўся ацёк мозгу. Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю. З Божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў”, — распавяла Іна Кулей.
Таксама Мілінкевіч перанёс два запаленні лёгкіх і інфекцыю кішэчніка.
У выніку пашкоджанні закранулі правую частку мозгу, якая адказвае за рух. У Мілінкевіча не працуе левая рука і захоўваюцца сур’ёзныя праблемы з перамяшчэннем.
Пастаяннае назіранне ўрачоў і цяжкая сітуацыя
Іна Кулей распавяла, што яе мужу неабходны пастаяннае назіранне ўрачоў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Праз небяспеку паўторнай актывацыі патагенных бактэрый ён пакуль не можа вярнуцца дадому і знаходзіцца ў бальніцы.
Сям’я таксама апынулася ў цяжкай фінансавай сітуацыі. Паводле слоў Кулей, пасля вымушанага ад’езду з Беларусі яны жывуць толькі на ўласныя заробкі, а выдаткі на арэнду жылля, лячэнне, лекі і транспарт ужо перавышаюць іх магчымасці.
“Наш дом у Берштах пасля вобшукаў апячатаны, заведзена крымінальная справа. Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пенсіяў і жывем толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на дастойнае жыццё. Цяпер усё змянілася”, — напісала яна.
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута і пачаў кар’еру як настаўнік у нашым горадзе. Пазней працаваў інжынерам, старшым выкладчыкам і дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
З 1990 па 1996 год Мілінкевіч быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Ён адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, спорт, моладзь, СМІ, рэлігійныя пытанні, міжнародныя зносіны і гістарычную спадчыну.
Адна з прыкметных ініцыятыў — арганізацыя рэстаўрацыі старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.
У 1996–1997 гадах Мілінкевіч узначальваў баскетбольны клуб «Гродна-93». У 2001 годзе ён кіраваў перадвыбарчым штабам Сямёна Домаша. У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл» на выбарах прэзідэнта Беларусі. У 2006 годзе прыняў удзел у прэзідэнцкай кампаніі як кандыдат.
У верасні 2022 года Мілінкевіч быў прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па еўрапейскім выбары Беларусі.




