Дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» адрэагавала на пост беларускі пра праблему з харчаваннем у Міры. Турыстка паскардзілася, што пасля наведвання Мірскага замка было складана знайсці месца, дзе можна паабедаць. Выданне прадставіла сваю версію таго, што адбываецца.
Аўтар Алесь Бацюсь сцвярджае, што прычына нястачы месцаў — гэта не сістэмная праблема. Справа, маўляў, у «канкрэтным дні» і «аб’ектыўных абставінах».
Інцыдэнт, як піша выданне, адбыўся, хутчэй за ўсё, 13 чэрвеня — у дзень, калі ў Мірскім замку сапраўды назіраўся павышаны паток турыстаў. Гэта традыцыйная загрузка аб’екта ў уік-энд. Да таго ж, у Расіі ў сувязі з дзяржаўным святам 12 чэрвеня быў афіцыйны выхадны — яны таксама выбраліся ў Беларусь.
У тэксце асобна падкрэсліваецца, што рэдакцыя пакідае ў баку «эмоцыі і ненасытнае жаданне асобных каментатараў абхаяць беларускі турызм і ўсё з ім звязанае».
Харчаванне ў Міры: тлумачэнне праз «нагрузку»
У Міры працуе восем устаноў грамадскага харчавання, уключаючы кафэ на АЗС, якія адначасова могуць прыняць амаль 400 гасцей. Усе ўстановы грамадскага харчавання на 99,9% жывуць за кошт турыстаў. Пры гэтым Мірскі замок штогод наведваюць больш за 450 тысяч гасцей.
Асобна адзначаецца, што частка ўстаноў не абслугоўвае турыстычныя групы і працуе па прынцыпе жывой чаргі, з-за чаго ў абедзенныя гадзіны наведвальнікі вымушаны чакаць сваё месца ў кафэ, каб паесці.
«У час пік — у абедзенны час, прыкладна з 13.00 да 15.00, у нас бывае поўная пасадка, і можа фарміравацца чарга. Рухаецца яна дастаткова хутка, і праз 10–15 хвілін чакання госці садзяцца за столікі», — распавёў дырэктар прыватнага прадпрыемства «Лятучы гусар», якому належыць рэстаран «Княжацкі двор», Ягор Харужэнка.
Тое самае тычыцца і кавярні на 16 месцаў, і летняга кафэ, дзе могуць размясціцца каля 40 гасцей.
Дзяржвыданне прапануе турыстам звярнуць увагу на гэтыя ўстановы, не абурацца чэргам і не пісаць пасты, а зрабіць пару яркіх сэлфі за час чакання месца ў кафэ.
Планы на рэканструкцыю
У тэксце прыводзяцца некалькі ідэй для паляпшэння сітуацыі, але працэс не хуткі. Карэліцкі райвыканкам ужо распрацоўвае горадабудаўнічы пашпарт зямельнага ўчастка для наступнага аўкцыёну — пад будаўніцтва аб’ектаў грамадскага харчавання. Таксама прыватны інвестар рэканструюе будынак былой паліклінікі, які плануецца выкарыстоўваць пад грамадхарч.
Акрамя таго, фарміруюцца новыя зямельныя ўчасткі пад будучыя праекты — гасцініцы, матэлі, кемпінгі, а таксама аб’екты культурнага і забаўляльнага прызначэння.
У межах праграмы добраўпарадкавання плануецца рэканструкцыя паркоўкі са стварэннем месцаў для караванераў (падарожнікаў на аўтадомах). Асобна ў планах — новыя турыстычныя актыўнасці: конныя прагулкі, пракат веласіпедаў, дзіцячыя электрамабілі і дзіцячая пляцоўка побач з замкавым комплексам «Мір».
«Галоўнае на сённяшні дзень — працягваць развіваць інфраструктуру, каб турысты прыязджалі не на 3–4 гадзіны, а праводзілі тут значна больш часу», — рэзюмуе намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Таццяна Лідзяева. А пакуль — раяць турыстам не абурацца і чакаць.



