Двухпакаёвую кватэру ў 50 кв. м., якая належыць журналісту і актывісту з Гродна Уладзіміру Хільмановічу, прадалі з аўкцыёну 30 чэрвеня, піша Telegram-канал “Право имеют”.
Таргі ішлі 13,5 гадзін. Кошт вырас са 100 800 ($34 709) да 136 080 рублёў ($46 857). На таргі дапусцілі дзевяць удзельнікаў. Сярэдні кошт “двушкі” ў Гродне – $55 000.
Кватэра пад арыштам следчых органаў, у ёй зарэгістраваны адзін паўналетні грамадзянін.

Раней прадалі лецішча Хільмановіча ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна – за 3242,40 руб. Мяркуецца, што атрыманыя з продажаў грошы пойдуць на спагнанні па справе. Сам Уладзімір казаў, што ўжо паставіў крыж на маёмасці ў Беларусі.
Праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча ў жніўні 2024 года завочна асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе. Па трох артыкулах яму прызначылі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (40 000 рублёў). Грошы пойдуць на спагнанні па справе. Мужчына з 2021 года жыве ў Польшчы.


