Дзмітрый Пазняк, вядомы пад псеўданімам Пазнякс, скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Малады чалавек выклаў фота з дыпломам у Threads. «Мама сказала выкласці і пахваліцца», – пажартаваў хлопец.
У каментарах пад пастом Дзмітрыя сабраліся звычайныя карыстальнікі, яго фанаты, а таксама прадстаўнікі бізнэсу. Большасць віншуюць хлопца з заканчэннем універсітэта, іншыя – іранізуюць.
«Дык ты там на рэпера адвучыўся? Кафедра рэпу і бітазнаўства?», — жартуе адзін з карыстальнікаў.
«Вось ён, будучая легенда беларускага рэпу», — піша яшчэ адзін удзельнік абмеркавання.
«Віншуем! Будучы дэпутат прам! Прыміце наш пачастунак у выглядзе шаурмы?» — цікавіцца акаўнт сеткі шаурмічных.
«Віншую! Рады быў перасекчыся і сфоткацца нядаўна, поспехаў у музыцы і па жыцці», — наказвае каментатар.
На самой справе ён вучыўся на інжынера-праграміста.
Масава пра 22-гадовага рэпера Пазнякса з Гродна пачалі казаць восенню 2025 года. Ролікі хлопца набіралі сотні тысяч праглядаў у TikTok – у сваіх відэа Пазнякс разгульваў па вуліцах Гродна, заказваў шаурму і рыхтаваўся да сесіі.
Панчы, ці “дабіваючыя” фразы, рэпер будаваў вакол бытавых і зразумелых сфер. Напрыклад, у Пазнякса сустракаліся фразы: «Не падыходзь да рондаля, там бульбачка варыцца. Рэальна, не дай Бог, раптам апарышся» ці «Я як прадавец начнушак, мне патрэбны вялікія бабкі».
З восені 2025 да лета 2026 колькасць слухачоў рэпера на Spotify вырасла амаль у пяць разоў, дасягнуўшы адзнакі ў 93,8 тыс. праслухоўванняў у месяц.
Чытайце таксама: Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка



