У Гродзенскай вобласці не хапае механізатараў для працы на ўборачнай кампаніі. Пра праблему расказаў Юрый Караеў падчас семінара-нарады па выніках працы аграрнай галіны за першае паўгоддзе, якая прайшла ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Ён запатрабаваў «рэальна забяспечыць кожны камбайн механізатарам».
Караеў: тэхнікі дастаткова, але працаваць на ёй няма каму
Паводле слоў Юрыя Караева, у рэгіёне ёсць неабходная колькасць камбайнаў, аднак частка тэхнікі не выкарыстоўваецца ў поўнай меры праз няхватку механізатараў. «Патрабуецца не фармальнае размеркаванне машын, а выбудоўванне бесперапыннай лагістыкі і рэальнае забяспечванне кожнага камбайна механізатарам і спадарожным транспартам. Сітуацыя патрабуе не справаздачнасці, а сістэмнага вырашэння кадравага пытання і пераразмеркавання рэсурсаў, адэкватнага аб’ёмам пасяўных плошчаў», — адзначыў Караеў.
Колькі механізатараў не хапае ў Гродзенскай вобласці
Паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці на 17 ліпеня, па ўсёй Беларусі адкрыта каля трох тысяч вакансій трактарыстаў. З іх амаль 1800 вакансій прыпадае на трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці — менавіта так афіцыйна называецца прафесія механізатара.
Пры гэтым рэальная патрэбнасць у работніках вышэйшая. Справа ў тым, што адна вакансія нярэдка прадугледжвае адразу некалькі рабочых месцаў. Напрыклад, у аб’яве паказваецца адна вакансія, але працадаўцу патрабуецца чатыры, пяць ці шэсць чалавек.
У Гродзенскай вобласці адкрыта 411 вакансій. Механізатары патрэбны практычна ва ўсіх раёнах вобласці. Зарплаты залежаць ад гаспадаркі і ўмоў працы і ў асобных выпадках дасягаюць 4000 рублёў.
Так, дзяржаўнае прадпрыемства «Мацвееўцы» ў Ваўкавыскім раёне шукае адразу чатырох трактарыстаў-машыністаў і прапануе зарплату ад 1800 да 3500 рублёў. ААТ «Дварэц-Агра» ў Дзятлаўскім раёне гатова прыняць пяць работнікаў. Зарплата складае ад 1500 до 3000 рублёў, а іншагароднім прадастаўляецца гуртажытак.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Гервяты» ў Астравецкім раёне шукае пецярых трактарыстаў-машыністаў. Работнікам прапануюць ад 1600 да 3000 рублёў і таксама прадастаўляюць жыллё.
У «Навагрудскай сельгастэхніцы» адкрыта вакансія трактарыста-машыніста з зарплатай ад 1100 да 1900 рублёў.
Ёсць прапановы і з больш сціплай заработнай платай. Напрыклад, у дзяржаўным прадпрыемстве «Бераставіцкая сельгастэхніка» трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці прапануюць ад 1000 да 1200 рублёў за змену. Частка сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны гатовы ўзяць на працу і замежных грамадзян.
Што яшчэ абмеркавалі на семінары
Падчас нарады падвялі вынікі працы аграпрамысловага комплексу за першае паўгоддзе. Паводле даных абласных улад, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі вырасла на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Рост у жывёлагадоўлі склаў 1%, у раслінаводстве — 18,8%. У рэгіёне павялічылася вытворчасць малака, ялавічыны, яек, а таксама аб’ёмы нарыхтоўкі травяністых кармоў.
Разам з тым паказчыкі па вытворчасці свініны і мяса птушкі аказаліся ніжэйшымі за мінулагоднія.



