Суботні лівень падтапіў частку аўтамабіляў на стаянцы гродзенскага філіяла сеткі аўтахаўсаў Butikavto на вуліцы Таўлая. Пасля інцыдэнту кампанія апублікавала афіцыйны зварот да кліентаў, якія перадалі свае машыны фірме.
Фірма вырашыла ўзяць на сябе частку выдаткаў за пацярпелыя камісійныя аўта. Сярод іншага, паабяцала кліентам правесці за свой кошт дыягностыку, сушку і неабходныя аднаўленчыя працы.
Гродзенцы: ««Высушаць і перапрададуць»»
У Threads гродзенцы актыўна абмяркоўваюць тое, што адбылося. У звароце кампанія напісала: “падтапленне закранула толькі частку аўтамабіляў, якія знаходзіліся ў найбольш нізкай частцы тэрыторыі”. Адзін з гараджан адзначыў, што, мяркуючы па фота, затапіла ўсю стаянку.
Па падліках Hrodna.life на аснове даступных фота, на тэрыторыі аўтастаянкі (акрамя Butikavto там дзейнічае яшчэ адзін коміс) у момант затаплення было не менш за 40-50 машын і каля 20 сур’ёзна затапіла.


Яшчэ адзін гродзенец напісаў, што бачыў машыну пасля затаплення. “Мой вердыкт – аўтамабілю пісец поўны ўсім блокам (як мінімум замена ўсёй праводкі і блокаў + замена салона 100%)”, – напісаў гараджанін.
Меркаванні гродзенцаў наконт рашэння кампаніі падзяліліся. Адны лічаць, што пасля фірма проста зменшыць кошт аўто пры продажы, а будучыя пакупнікі набудуць сапсаванае аўто. Іншыя – падтрымліваюць кампанію і лічаць яе палітыку кліентаарыентаванай.
«Іх хіба што купяць перакупы танна, высушаць і перапрададуць. Новым уладальнікам трэба загадзя пазнаёміцца з аўтаэлектрыкамі і кузаўшчыкамі», — піша адзін з гараджан.
«Для людзей не ў тэме, гучыць прыгожа – сушка і аднаўленчыя працы, усё проста ж на словах. Але ж не, для сушкі недастаткова проста адчыніць дзверы і капот, і вычарпаць ваду, патрэбен поўны дэмантаж салона, прытым экстрана, паралон будзе ўвесь мокры, а ў нішах будзе стаяць вада, і выпарацца як у чайніку наўрад ці будзе – прывітанне грыбок у будучыні», — каментуе гродзенец.
“Паглядзім што страхавыя кампаніі скажуць сваім кліентам, якіх падтапіла ў дварах”, – адзначае яшчэ адзін гараджанін.
«Усё будзе нармальна з машынамі, прэсная вада. І адразу аднаўляюць. З Амерыкі месяцамі топленыя плывуць. А людзі ездзяць пасля аднаўлення і радуюцца машынам і тут тое ж самае», — лічыць адзін з карыстальнікаў.
«Цяпер адпраўляюць у іншыя гарады і тыпу не тапіліся», – мяркуе іншы гараджанін.
«Усім цярпення, а аўтахаўсу павага», – выказваецца ўдзельнік абмеркавання.
У колькі абыдзецца сушка аўто?
Колькі менавіта машын пацярпела з-за залевы на паркоўцы, фірма не агучыла. Паводле рынкавых расцэнак, кампутарная дыягностыка аўта вар’іруецца ад 30 да 60 руб., адзнака тармазной сістэмы каштуе мінімум 45 руб., яшчэ каля 60 руб. трэба аддаць за праверку рухавіка, а за праверку ўсіх сістэм – прыкладна 90 руб.
Комплексная сушка салона з дэмантажом сядзенняў і каўраліну пасля сур’ёзнага затаплення каштуе ад 250 да 550 руб.
Мяркуючы па апублікаваным відэа ў TikTok, на паркоўцы знаходзілася каля 40-50 аўто (верагодна, некаторыя з іх належаць іншым уладальнікам). Такім чынам, аўтакаміс на комплексную прасушку машын можа выдаткаваць нават 24 тыс. руб.
Чытайце таксама: Ліўнёўкі, складаны рэльеф і татальны асфальт: тры прычыны, чаму Гродна рэгулярна затаплівае
Паркоўку на Таўлая затапляе рэгулярна. Дапаможа толькі аўтакаска
З-за перападу рэльефу платную паркоўку на Таўлая, 1, дзе размяшчае свае аўто ў тым ліку аўтакаміс Butikavto, залівае пасля кожнага буйнога дажджу. Пры стыхійным бедстве ўладальнік стаянкі не абавязаны кампенсаваць кліенту шкоду за пашкоджанне аўто, хаця абавязаны прыняць магчымыя меры для захавання машыны. Адзіны гарантаваны спосаб атрымаць кампенсацыю за сапсаваны ў выніку патопу аўтамабіль – страхаваць яго па аўтакаска (дадатковы добраахвотны від страхавання аўтамабіля, які абараняе транспартны сродак ад пашкоджанняў, знішчэнні або згону).



