На сайце МУС Беларусі больш нельга праверыць, ці дзейнічае ў дачыненні да чалавека часовая забарона на выезд з краіны. На гэта звярнулі ўвагу чытачы Onlíner, паведамляе выданне.

У МУС патлумачылі, што гэта не тэхнічныя непаладкі. У сілу ўступілі новыя правілы работы базы даных невыязных грамадзян, якія сваім указам зацвердзіў Лукашэнка.

Указ вызначае парадак узаемадзеяння паміж сілавымі ведамствамі, а таксама ўсталёўвае новыя патрабаванні да абароны інфармацыі, якая захоўваецца ў базе.

Пасля ўступлення ўказа ў сілу анлайн-праверка на сайце МУС стала недаступнай.

Цяпер даведацца пра свой статус можна толькі асабіста: трэба прыйсці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) па месцы жыхарства. У МУС абяцаюць, што адказ дадуць на працягу аднаго працоўнага дня.

Сам спіс невыязных не змяніўся: у ім усё так сама захоўваюцца звесткі пра тых, каму часова забаронены выезд з Беларусі або каму яго ўжо знялі, а таксама пра дзяцей, чый выезд абмежаваны паводле рашэння суда.

Каму могуць часова забараніць выезд з Беларусі

У Беларусі часова абмежаваць права на выезд могуць у некалькіх выпадках. Забарона можа дзейнічаць, калі чалавек:

  • з’яўляецца падазраваным або абвінавачаным па крымінальнай справе;
  • асуджаны за злачынства і яшчэ не адбыў пакаранне;
  • знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам;
  • не выконвае рашэнні суда або мае запазычанасці, якія спаганяюцца ў выканаўчым вядзенні;
  • з’яўляецца адказчыкам па грамадзянскай справе або па асобных катэгорыях судовых разглядаў;
  • праходзіць працэдуру банкруцтва альбо звязаны з ёй як даўжнік ці службовая асоба арганізацыі-даўжніка;
  • ухільваецца ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу або не выконвае абавязкі па ваенным уліку;
  • стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі;
  • калі яго выезд, паводле рашэння кампетэнтных органаў, супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі;
  • у дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс па асобных правапарушэннях — да выканання пастановы суда.

Такаж абмежаванні могуць уводзіцца для грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы, — на тэрмін, устаноўлены адпаведным рашэннем.

У большасці выпадкаў забарона дзейнічае часова і здымаецца пасля таго, як знікаюць падставы для яе прымянення.

Падставы для часовага абмежавання права на выезд прадугледжаны артыкулам 7 закона «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».