У Threads адна з карыстальніц пацікавілася ў беларусаў, колькі яны трацяць на ежу. Удзельнікі абмеркавання назвалі розныя лічбы – ад 1000 да 4,5 тыс. руб.

Згодна з Белстатам, у чэрвені 2026 года сярэдні заробак у Беларусі склаў 3104 руб. На рукі беларусы атрымліваюць значна менш, бо статыстыка ўлічвае памер заробку да выплаты падаткаў.

«На прадукты, без паходаў у кафэ, на 4-х чалавек у мяне сыходзіць 2000 рублёў. Але гэта з прысмакамі, садавінай і нават віном. Але гэта трэба ў пліты стаяць увесь час і гатаваць», — напісала беларуска. 

«Афігець… людзі што вы ясьце? адны кашы??? 2 дарослых і 2 падлеткі – 4500 руб, мінск, без кафэ, часам дзеці бяруць шаурму і сушы», — выказаўся іншы карыстальнік.

«Мяса (нарыхтоўкі) + крупы, макароны на 3 чалавек выходзіць 400 рублёў, 300 рублёў гэта садавіна, гародніна, смачныя стравы, 100 рублёў па патрэбе напрыклад хлеб, смятана, сыр. Судзячы па астатніх каментарах неяк бюджэтна, хоць мне здавалася што гэта і так шмат у нас сыходзіць», — дадаў трэці каментатар.

“Да**я”, – лаканічна адказвае яшчэ адзін карыстач.

300 рублёў на прадукты ў Мінску і 230 руб. на мяса для падлетка

У галінцы сустракалася адразу некалькі здзіўленых меркаванняў – людзі не разумеюць, як іншыя выжываюць на сумы накшталт 1000 руб.

«У месяц трачу на прадукты 300 руб (адзін чалавек), жыву ў Мінску», – напісаў каментатар.

У адказ іншы карыстальнік адзначыў, што “ў мяне хлопчык падлетак ялавічыны на 230 руб у месяц з’ядае”.

Як эканомяць беларусы?

У адказах карыстальнікаў знайшлося некалькі каментароў аб тым, як яны адкладаюць грошы ці эканомяць на прадуктах.

«Я палюбіла купляць 5 тушак курэй і раздзяляю, вельмі выгадна», — дзеліцца беларуска.

«У нас з мужам дзве пенсіі – адна на прадукты цалкам, а другая на камуналку, лекі, гаспадарчыя дробязі, часам атрымліваецца рублёў дзвесце адкласці», – напісала пенсіянерка.

«Каля 1000 руб. на 4 чалавек, з іх тры мужыкі – муж і сыны 20 і 18 гадоў. Але ўся гародніна, ягады з агарода, хоць на іх усё роўна выдаткі больш, чым купіць у краме», – распавядае карыстальніца.

“Калі шкоднасці не купляць і скараціць частату паходаў у краму будзе яшчэ і менш атрымлівацца, а харчаванне будзе і з ялавічынай, і з рыбкай хоць кожны дзень)”, – раіць яшчэ адна.

“Шчыра жадаю, каб усім, каму трапілася гэтая галінка, ніколі не даводзілася лічыць свае выдаткі на ежу”, – рэзюміравала каментатарка.

Чытайце таксама: Амаль $20 тыс. Беларуска расказала, у колькі ёй абышлося вяселле “ў італьянскім стылі” пад Гроднам