Лідчанін Валянцін Іваноўскі вызваліўся з наваполацкай калоніі, вядомай сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрымання, і праз тры месяцы памёр – у жніўні 2024 года. У яго смерці Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі вінаваціць беларускі рэжым. Пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі памерлі яшчэ як мінімум восем палітвязняў. Праз рэпрэсіі Беларусь страціла 37 чалавек, якія памерлі праз пераслед, сцвярджаюць праваабаронцы ў другой частцы справаздачы “Палітычныя забойствы і смерці па віне рэжыму”.

– Што мы разглядалі ў дадзеным дакуменце як смерці па віне рэжыму? Смерць магла быць выклікана дзеяннямі або бяздзейнасцю супрацоўнікаў рэжыму, яго органаў, супрацоўнікаў, або нейкім іншым чынам можа быць аднесена на рахунак дзяржавы ў парушэнне яго абавязацельстваў абараняць права на жыццё грамадзян. А таксама калі смерць наступіла, калі чалавек быў затрыманы і ўтрымліваўся ў месцах несвабоды, калі быў у руках сілавікоў, службовых асоб рэжыму, – распавёў адзін з аўтараў агляду Сяргей Усцінаў.

Сергей Устинов. Фото: "Вясна"
Сяргей Усцінаў. Фота: “Вясна”

Гэта другая частка даследавання. Першая выйшла ў 2024 годзе і ахоплівала 16 смерцяў па палітычных матывах. У новай версіі задакументавана яшчэ 21 смерць. Яна ўключае смерці ў калоніі (сем), смерці пасля калоніі (восем), суіцыды (тры), смерці пры падазроных абставінах (дзве) і гібель з-за невыбарчага прымянення зброі сілавікамі (адна).

Смерці ў калоніі

У калоніі пасля 2020 года памерлі яшчэ восем чалавек. Гэта:

  • Дзяніс Кузняцоў (паводле афіцыйнай версіі, упаў з другога яруса нар),
  • Вадзім Храсько (пнеўманія),
  • Ігар Леднік (спыненне сэрца),
  • Аляксандр Кулініч (ішэмічная хвароба сэрца – па звестках сваякоў),
  • Дзмітрый Шлетгауэр (механічная асфіксія – меркавана суіцыд),
  • Андрэй Паднябенны (удушша – суіцыд),
  • Валянцін Штэрмер (невядомая).

Меддапамога ў калоніі не аказваецца. Праваабаронцы называюць гэта паўсюдным парушэннем права на жыццё і ахову здароўя. Зняволеным даюць “адну таблетку ад усіх хвароб”, не выклікаюць хуткую дапамогу альбо аказваюць дапамогу несвоечасова.

Права на жыццё і права на ахову здароўя асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, замацаваныя ў законах Беларусі. Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў і следчых ізалятараў, Закон «Аб ахове здароўя», Закон «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», а таксама інструкцыя па медыцынскім забеспячэнні прадугледжваюць абавязак дзяржавы забяспечваць асуджаным і асобам пад вартай даступную і бясплатную медыцынскую дапамогу. Яна ўключае абавязковы медыцынскі агляд пры паступленні, выдачу лекавых сродкаў і накіраванне ў дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя пры неабходнасці экстранай, планавай або спецыялізаванай дапамогі.

– Вельмі шмат людзей, якія з нейкімі вострымі захворваннямі знаходзяцца ў калоніі, схільныя рызыцы памерці. Супрацоўнікі калоній проста не выклікаюць хуткую дапамогу і не адпраўляюць людзей у нармальную медыцынскую ўстанову, – кажа Сяргей Усцінаў.

Смерцяў можна было пазбегнуць, не змяшчаючы людзей з дрэнным здароўем у месцы пазбаўлення волі – гэта прадугледжвае закон. Але практыка паказвае, што цяжкахворых зняволеных не вызваляюць нават у тэрмінальным стане. Фармальныя падставы для адмовы ў вызваленні (нявыплачаныя пазовы, характарыстыкі адміністрацыі, цяжар абвінавачвання) ставяць вышэй гуманітарных меркаванняў.

“Адкладзеная смяротнасць”

Феномен “адкладзенай смяротнасці” сярод былых беларускіх палітвязняў паказвае на схаваны крызіс пенітэнцыярнай медыцыны і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, сказана ў аглядзе. Калонія наносіць незваротны ўрон арганізму з-за хранічнага стрэсу, знясільваючай працы і адсутнасці адэкватнай прэвентыўнай дыягностыкі. Запушчаныя ў калоніях кардыялагічныя, сасудзістыя і іншыя паталогіі прыводзілі да раптоўнай гібелі людзей.

Пасля вызвалення ў хуткім часе (3-14 месяцаў) памерлі восем чалавек:

  • Ганна Кандраценка,
  • Віталь Бычкоў,
  • Валянцін Іваноўскі,
  • Тамара Каравай,
  • Валерый Богдан,
  • Валерый Цімашэнка,
  • Раман Раманаў,
  • Алена Панкова.

Як правіла, прычынай станавіліся праблемы з сэрцам ці рак. Алена Панкова памерла падчас адбыцця “хатняй хіміі”.

Да чаго прыводзяць рэпрэсіі

У некаторых выпадках рэпрэсіі прывялі да суіцыду. Праваабаронцам вядома пра тры выпадкі з 2020 да 2024 года. Станіслаў Чур быў актыўным удзельнікам працоўнага руху; Святлана Круцікава, па апісанні знаёмых, адрознівалася выключнай жыццярадаснасцю і да апошняга часу вяла насычанае сацыяльнае жыццё; Кірыл Шчаглоў быў дзевятнадцацігадовым маладым чалавекам.

Пастаянны ціск на працы, рэгулярныя суды па “экстрэмісцкіх” артыкулах, адбыванне пакарання ў калоніі і пастаноўка на «экстрэмісцкія» ўлікі, метадычна руйнавала псіхалагічныя рэсурсы чалавека і паслядоўна закрывала перад ім магчымасці для нармальнага жыцця, заключаюць праваабаронцы.

Да гібелі пры нявысветленых абставінах адносяць смерць Аляксандра Буйніцкага і Віталя Шышова. Буйніцкі быў знойдзены мёртвым у парку ля ГЦ «Рыга» на месцы жорсткіх сутыкненняў пратэстоўцаў з сілавікамі. Афіцыйная прычына – атручэнне этылавым спіртам. Сваякі і сябры версію ўладаў аспрэчваюць. Цела знойдзена праз 19 дзён пасля знікнення. Шышоў – кіраўнік “Беларускага дома ва Украіне”, дапамагаў беларускім уцекачам. Знойдзены павешаным у Кіеўскім парку пасля ранішняй прабежкі. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле аб наўмысным забойстве. Атачэнне паказвала на сачэнне з боку КДБ Беларусі.

Кіроўца Павел Сібілеў вечарам 10 жніўня 2020 года завяршаў працоўную змену, калі яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Правёў месяц у ваенным шпіталі, перанёс перасадку скуры з сцягна, страціў адчувальнасць у двух пальцах левай рукі, дзе засталіся невылечаныя аскепкі. Яму была прысвоена першая група інваліднасці. За год ён схуднеў з 80 да 53 кілаграмаў, пасівеў і перасоўваўся толькі з кіем. Неўзабаве пасля выпіскі ў яго дыягнаставалі рак галоўкі падстраўнікавай залозы і рак прастаты. У 2021 годзе ён памёр. Сям’я звязвае развіццё анкалогіі з атрыманымі траўмамі.

Захаваць памяць аб памерлых

Правесці ўласнае расследаванне альбо звярнуцца да рэжыму ў праваабаронцаў няма магчымасці. Гэта выключае ўстанаўленне і прыцягненне вінаватых да адказнасці. Камітэт лічыць вінаватымі ўсіх задзейнічаных у працэсе: аператыўных супрацоўнікаў, супрацоўнікаў следчых органаў, супрацоўнікаў судоў, супрацоўнікаў пракуратуры, супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, службовых асоб.

— Мы працягваем працу па зборы дадзеных, уключаючы пошук дакументаў, сведчанні сваякоў, былых зняволеных. Важна памятаць усе гэтыя прозвішчы, важна нагадваць рэжыму, самім сабе і людзям пра тое, што ў Беларусі людзі паміралі і працягваюць паміраць і ў месцах несвабоды, і ад сілавікоў рэжыму. Менавіта для гэтага і працуе “Прававая ініцыятыва”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў — каб захоўваць гістарычную памяць і ў які-небудзь момант пачаць расследаванне смерцяў і забойстваў, каб вінаватыя рана ці позна былі прыцягнутыя да адказнасці.

Чытайце таксама: У гродзенскай турме зняволенага збілі да смерці — пра гэта распавёў Мікола Дзядок