Гродна адзначыць 898-годдзе 4 і 5 верасня. Асноўныя падзеі пройдуць у цэнтры горада: на плошчах Леніна і Савецкай, у парку Жылібера, на вуліцах Ажэшкі, Савецкай і Тэльмана. У праграме — Фестываль ліхтарыкаў, канцэрты, салют, фестывалі сыру і гародніны, квэсты і забавы для дзяцей. Хэдлайнера галоўнага канцэрта пакуль не называюць.

У гэтым годзе Дзень горада пройдзе пад агульнай канцэпцыяй «Гродна — горад-свята, горад шчаслівых людзей», паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс».

Што будзе 4 верасня

Святочная праграма пачнецца ў пятніцу, 4 верасня.

10:00 — «Турыстычны дыялог». Турыстычны форум пройдзе ў Новым замку на вуліцы Замкавай, 20.

11:28 — ускладанне кветак у парку Жылібера. Час абралі не выпадкова: 1128 год лічыцца датай першага летапіснага згадвання Гродна.

12:30 — адкрыццё новай пліты на «Алеі кіно». Яе прысвецяць серыялу «ГДР», здымкі якога праходзілі у тым ліку ў Гродне.

16:00 — святочны канцэрт у Гродзенскай абласной філармоніі.

18:00–23:00 — Фестываль ліхтарыкаў. Ён пройдзе ў Швейцарскай даліне ў парку Жылібера. У гэтым годзе тэрыторыю фестывалю пашыраць: ілюмінацыя з’явіцца таксама ўздоўж наберажных Гараднічанкі па абодвух баках моста.

Што будзе 5 верасня

Субота стане галоўным днём святкавання.

У 12:00 на плошчы Леніна афіцыйна адкрыюць Дзень горада і сырны фестываль «Сіла традыцый». Пасля гэтага тут будуць праходзіць канцэртныя праграмы.

З 20:00 да 21:00 запланавана праграма «#НайлепшыГорадЗямлі».

А з 21:00 да 22:00 выступіць запрошаны артыст. Раней арганізатары паведамілі, што гэта будзе вядомы расійскі выканаўца, аднак яго імя пакуль не называюць.

У 22:00 запусцяць святочны феерверк. Пасля салюту на плошчы працягнецца танцавальная праграма з гуртом «Тени».

Што будзе на Савецкай плошчы

На Савецкай плошчы 5 верасня разгорнецца прастора «Школьныя гісторыі», прысвечаная выпускным, Дню ведаў і іншым школьным падзеям. Там жа пройдзе выстава аўтамабіляў Geely і BELGEE «Гармонія хуткасці».

З 18:00 да 21:00 запланаваны «Вячэрні музычны драйв»: абяцаюць жывое выкананне джаза, блюза і хард-рока.

Што будзе ў парку Жылібера

Асноўныя дзённыя пляцоўкі 5 верасня будуць працаваць з 12:00 да 18:00. У парку пройдзе фестываль гародніны «#СакавітаЯркаКарысна!».

На ім пакажуць кампазіцыі з гародніны і экспазіцыі аграрнага ўніверсітэта, навуковых устаноў і беларускіх цяплічных камбінатаў.

У Швейцарскай даліне адкрыюць інтэрактыўна-гульнявую зону «Горад шчаслівага дзяцінства» для дзяцей і сем’яў. Каля тэатра лялек будзе працаваць пляцоўка «Гродна тэатральны», а яшчэ ў парку з’явіцца спартыўна-гульнявая зона «Энергія твайго горада».

Уздоўж Швейцарскай даліны, каля арт-аб’екта «Сэрца», размесціцца пляцоўка «Перамога. Незалежнасць. Мужнасць», прысвечаная Дню Перамогі, Дню Незалежнасці і гадавіне вызвалення Гродна.

Кветкі і «Этна-круіз» на Ажэшкі

На вуліцы Ажэшкі з 12:00 да 18:00 пройдзе выстава кветкавых кампазіцый «Кветка-ФЭСТ». Там жа адкрыюць пляцоўку «Этна-круіз: жывая ніць традыцый». На ёй аб’яднаюць традыцыі калядных, масленічных і велікодных гулянняў.

Што падрыхтуюць на Савецкай вуліцы

Каля ЦУМа з’явіцца прастора «Адлюстраванне горада ў жаночых вачах», прысвечаная Году беларускай жанчыны, Дню жанчын, Дню сям’і і Дню маці. Каля Моладзевага цэнтра размесціцца рамесны дворык «РоднаеНароднае».

Там жа з 18:00 да 20:00 пройдзе моладзевы фестываль фарбаў «Палітра вуліц». Каля будынка абласнога аб’яднання прафсаюзаў будзе працаваць пляцоўка «Гродна слаўны працай». Адной з яе галоўных падзей стане інтэлектуальна-краязнаўчы пешаходны квест «Код будучыні: спадчына Гродна».

На Тэльмана ўспомняць Фестываль нацыянальных культур

Вуліца Тэльмана на некалькі гадзін ператворыцца ў мультыкультурную прастору.

З 12:00 да 18:00 тут будзе працаваць пляцоўка «Этна-мікс: прастора культур», якая нагадае пра Фестываль нацыянальных культур і традыцыі розных народаў.

Можна прайсці 10 пляцовак і атрымаць падарунак

Яшчэ адна навінка гэтага Дня горада — інтэрактыўная гульня «Пашпарт удзельніка свята».

5 верасня з 11:00 да 17:00 на вуліцы Ажэшкі і плошчы Савецкай можна будзе атрымаць спецыяльны «пашпарт удзельніка». Затым трэба наведаць 10 ключавых пляцовак, выканаць заданні і на кожнай атрымаць спецыяльную пячатку. Тыя, хто збярэ ўсе дзесяць печатак, атрымаюць памятныя сувеніры.

Некаторыя мерапрыемствы пачнуцца раней

Некаторыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня горада, пройдуць раней.

2 верасня на вуліцы Горкага адкрыюць новыя тэнісныя корты. Там жа пройдзе адкрыты гарадскі турнір сярод хлопчыкаў і дзяўчынак да 12 гадоў.

3 верасня ў 17:30 у выставачнай зале на вуліцы Ажэшкі адкрыецца фотавыстава «Мгновения гродненской красоты». Акрамя таго, да 31 жніўня гродзенцы могуць даслаць фатаграфіі малавядомых куткоў горада для праекта «Фото-сушка. Гродно. Родного края разноцветье». Падчас свята фатаграфіі раздрукуюць і размесцяць на адной з гарадскіх вуліц.