З 1 верасня ў беларускіх школах змогуць выбарачна надглядаць асабістыя рэчы вучняў і наведвальнікаў. Яшчэ да пачатку навучальнага года ў адной з гродзенскіх гімназій паказалі, як гэта будзе адбывацца: дзіця само адкрывае заплечнік, побач павінен знаходзіцца педагог або законны прадстаўнік, а тых, каго праверылі, будуць уносіць у спецыяльныя спісы. Новыя правілы ўжо выклікалі спрэчкі сярод беларусаў.
Як будзе працаваць новая сістэма, паказала тэлерадыёкампанія «Гродна» на прыкладзе Гродзенскай гарадской гімназіі імя А. І. Дубко. Як высветлілася, там падобны надгляд у эксперыментальным парадку праводзілі яшчэ ў мінулым навучальным годзе.
Паводле новых правілаў, надгляд будзе выбарачным — правяраць усіх вучняў штодня не плануюць.
Заплечнік дзіця адкрывае само
Падчас надгляду вучань павінен самастойна адкрыць заплечнік або сумку. Як сцвярджаюць прадстаўнікі МУС, надгляд павінен праходзіць з захаваннем правоў і годнасці дзіцяці.
Выканаўца абавязкаў начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Мікалай Будзіловіч растлумачыў, што абавязковай умовай будзе прысутнасць дарослага.
«Асноўным патрабаваннем да надглядаў будзе [тое, што яны] праводзяцца толькі ў прысутнасці законных прадстаўнікоў або педагагічнага складу», — расказаў ён.
Калі падчас надгляду знойдуць забароненыя прадметы, іх забяруць і перададуць педагогам, а затым бацькам.
У сюжэце школьнікі расказвалі, што спакойна ставяцца да новаўвядзення. Адзін з вучняў адзначыў, што ў школу нельга прыносіць запалкі, нажы і іншыя небяспечныя прадметы, бо гэта можа прывесці да небяспечнага інцыдэнту.
Правераных вучняў унясуць у спісы
Дырэктар гімназіі Святлана Урбановіч расказала, што школа будзе весці ўлік праведзеных надглядаў.
«Вядзём спісы вучняў, каго мы агледзелі, з кім праведзена гутарка. То бок мы не проста аглядаем рэчы, але і праводзім прафілактычныя гутаркі, тлумачым дзецям, што можна прыносіць ва ўстанову адукацыі, якія прадметы забароненыя і якія могуць уяўляць небяспеку для саміх вучняў і навакольных».
Прычынай узмацнення прапускнога рэжыму прадстаўнікі ўладаў называюць выпадкі нападаў вучняў адзін на аднаго з выкарыстаннем небяспечных прадметаў у суседніх краінах. Бацькам таксама раяць час ад часу самастойна правяраць змесціва школьных заплечнікаў дзяцей і размаўляць з імі пра правілы бяспекі.

Беларусы спрачаюцца аб новых правілах
Новаўвядзенне актыўна абмяркоўваюць і ў каментарах пад сюжэтам тэлерадыёкампаніі «Гродна», і ў сацсетках. Многія карыстальнікі ўспрынялі ідэю негатыўна і задаюцца пытаннем, наколькі далёка могуць зайсці такія надгляды.
«Як цудоўна, што маё дзіця ўжо скончыла школу», — напісала адна з карыстальніц.
Іншы каментатар пажартаваў:
«Ой, сынок, пойдзем 2 верасня».
Некаторыя параўноўвалі новыя правілы з турэмным рэжымам і пыталіся, на якой падставе педагогі змогуць надглядаць асабістыя рэчы дзяцей. Узніклі пытанні і да фармулёўкі пра прысутнасць педагога замест бацькоў.
«Што за глупства! І чаму без прысутнасці бацькоў праводзіць які-небудзь агляд ці надгляд?» — абурылася адна з карыстальніц.
Яшчэ адзін карыстальнік напісаў: «Падстава? Пры чым тут педагагічны склад? Надгляд ці агляд?»
Былі і тыя, хто звярнуў увагу на тое, што сюжэт знялі яшчэ да пачатку навучальнага года.
«О, яшчэ навучальны год не пачаўся, а каго з дзяцей на відэа ўжо надглядаюць?» — задаўся пытаннем адзін з каментатараў.
Былі і тыя, хто новаўвядзенне падтрымаў. Частка карыстальнікаў успамінала ўласныя школьныя гады і адзначала, што дзеці і раней прыносілі ў школу самыя розныя рэчы, хоць спецыяльных праверак тады не праводзілі.
Што нельга прыносіць у школу
У школу забаронена праносіць прадметы, якія могуць уяўляць небяспеку для вучняў і навакольных. Сярод іх:
- зброя і боепрыпасы, а таксама прадметы, падобныя да зброі;
- нажы і іншыя колючыя або рэжучыя прадметы;
- піратэхніка, гаручыя і лёгкаўзгаральныя вадкасці;
- запалкі і запальніцы;
- сродкі самаабароны і газавыя балончыкі;
- алкаголь і наркотыкі;
- тытунёвыя вырабы, электронныя цыгарэты і вадкасці для іх.
Што зменіцца з 1 верасня
Пра магчымасць выбарачна надглядаць асабістыя рэчы вучняў, бацькоў і іншых наведвальнікаў стала вядома напрыканцы жніўня. Такое права прадугледзелі ў абноўленых правілах прапускнога рэжыму ва ўстановах адукацыі.
Надглядаць змогуць вучняў любога ўзросту, а таксама наведвальнікаў з сумкамі і іншымі рэчамі. Пры гэтым раней прадстаўнікі Дэпартамента аховы падкрэслівалі, што надгляды павінны быць выбарачнымі і не ствараць у дзяцей пастаяннага адчування падазронасці.
З 1 верасня 2025 года ў беларускіх школах ужо дзейнічае яшчэ адно абмежаванне — забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў падчас навучальнага працэсу.



