Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прызнаў, што пасты гродзенкі Валерыі не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю кавярні “Какао”. У водгуку ў сакавіку дзяўчына напісала, што эспрэса ў яе напоі быў нясвежым і падзялілася сваім меркаваннем пра яго. Кавярні не спадабалася выказванне – яна пайшла ў суд. Рашэннем суда дзяўчына падзялілася ў сацсетках.
У сакавіку дзяўчына апублікавала ў Threads пост пра наведванне кавярні “Какао” на вуліцы Будзёнага. Паводле яе слоў, яна заплаціла 9,50 рубля за капучына, але для напою выкарыстоўвалі эспрэса, які, як яна сцвярджала, быў падрыхтаваны загадзя. Пасля гэтага дзяўчына пісала, што атрымала ад установы дасудовую прэтэнзію.
Праз некалькі месяцаў дзяўчына паведаміла, што кавярня ўсё ж звярнулася ў суд. Судовае пасяджэнне пачалося ў ліпені.
Мяркуючы па пастам дзяўчыны, справа была ў фразах: „хорошее выражение „рыба гниет с головы““, „конкретному бариста впадлу сделать новый эспрессо“, „пытаются налить эспрессо, который стоит в питчере непонятно сколько времени“, „в кофейне на Буденного такое случалось уже не раз“, „минута для эспрессо – это УЖЕ много“, „невкусный капучино с буквально кипяченым молоком“, „кофе говно“.
“Приношу свои извинения руководству и сотрудникам кафе КАКАО за недостоверный отзыв”, – напісала дзяўчына.
Меркавана напісаць такі пост было часткай судовага рашэньня. Што яшчэ яно ўключала, невядома. У каментарах адны падтрымалі кавярню і рады, што кліенты будуць больш асцярожныя ў выразах. Іншыя падтрымалі дзяўчыну і ўжо пішуць, што не прыйдуць у кавярню “Какао“.


