У зуброў Белавежскай пушчы з’явіўся першы афіцыйны апякун. Ім стаў гродзенскі бізнэсовец Андрэй Бертэль – дырэктар кампаніі “МТБ-груп”, якая выпускае ровары Racer. Частка грошай ад продажу лімітаванай серыі ровараў кампанія будзе накіроўваць на корм для маладых зуброў, паведамляе Tochka.by.
Чаму кампанія вырашыла дапамагаць зубрам
Па словах Андрэя Бертэля, ідэя з’явілася пасля выпуску лінейкі ровараў, прысвечанай прыродзе. Малюнак зубра выкарыстоўвалі на скрынках ровараў яшчэ да запуску дабрачыннай праграмы.
Кампанія звязвае гэтую жывёлу з сілай, моцай, надзейнасцю і цягавітасцю — якасцямі, якія павінны быць уласцівыя і роварам. У выніку частку сродкаў ад продажу лімітаваных мадэляў вырашылі пералічваць Белавежскай пушчы. Грошы накіруюць на куплю кармоў для маладых зуброў.
Ініцыятыва атрымала назву “Моц прыроды”.
Намеснік генеральнага дырэктара Белавежскай пушчы Максім Прыходскі адзначыў, што ініцыятыва паказвае: бізнес можа ўспрымаць прыроду не як рэсурс, а як партнёра.

Прывёз зубрам “торт” з агародніны
У мінулыя выхадныя Андрэй Бертэль прыехаў у Белавежскую пушчу, каб пазнаёміцца са сваімі падапечнымі. Разам з ім прыбылі 18 веласіпедыстаў, якія дзеля паездкі перанеслі трэніроўку.
Супрацоўнікі Нацыянальнага парку арганізавалі паказальнае кармленне. Зубры падыходзілі да агароджы і бралі праз сетку яблыкі і гародніну. Больш за ўсё жывёлам спадабалася морква.
Для першага знаёмства госці нават склалі з свежай капусты і морквы падабенства торта. Аднак, са слоў бізнэсоўца, зубрам на афармленне было ўсё роўна — яны адразу з’елі пачастунак.
Самай буйный жывёлай у вальеры апынуўся самец па мянушцы Бора. Ён акуратна забіраў гародніну, праглынаў яе цалкам і прасіў дабаўкі. Да агароджы падыходзіла і зубраня, якое нарадзілася ў 2026 годзе.

У пушчы жывуць каля 800 зуброў
На 2026 год у беларускай частцы Белавежскай пушчы налічваецца каля 800 зуброў. Асабліва падкормка патрэбна жывёлам зімой, калі натуральнай ежы становіцца менш.
У кожным лясніцтве абсталяваны спецыяльныя пляцоўкі, да якіх з надыходам халадоў прыходзяць статкі. Нягледзячы на суровую мінулую зіму, страт сярод жывёл, па словах егераў, не было.
Папуляцыя працягвае расці. У 2026 годзе частку зуброў перадалі ў Расію па праграме рассялення. У адміністрацыі Белавежскай пушчы спадзяюцца, што прыкладу Гродзенскага бізнесмена рушаць услед і іншыя кампаніі.



