У 2026 годзе спецыялісты ўзялі ў Гродзенскай вобласці 37 пробаў кавуноў і дынь. Прыкладна ў палове ўзораў утрыманне нітратаў перавышала дапушчальны ўзровень. Небяспечныя дыні выявілі ў Гродне і пяці раёнах вобласці.

Пра вынікі праверак распавяла урач-гігіеніст Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Катажына Макуць.

Якія дыні не прайшлі праверку

Перавышэнне дапушчальнага ўтрымання нітратаў выявілі ў дынях сартоў Piel de Sapo і Honey Dew з Іспаніі, а таксама сартоў «Тарпеда» і «Карамельная» з Казахстана і Узбекістана.

Такую прадукцыю знайшлі ў гандлёвых аб’ектах Гродна, а таксама Ашмянскага, Лідскага, Шчучынскага, Смаргонскага і Ваўкавыскага раёнаў.

Усяго ў 2026 годзе санітарныя службы канфіскавалі з продажу больш за 2,5 тоны агародніны, садавіны і іншай расліннай прадукцыі, у тым ліку кавуноў і дынь.

Праверкі рынкаў, крам, гіпермаркетаў і прыватных гандлёвых кропак у Гродзенскай вобласці працягваюцца.

Якія прыкметы могуць сведчыць пра атручэнне

Нітраты могуць ператварацца ў арганізме ў больш небяспечныя злучэнні — нітрыты і нітразаміны. Першыя прыкметы атручэння могуць з’явіцца праз чатыры-шэсць гадзін.

Сярод магчымых сімптомаў спецыялісты называюць млоснасць, ваніты, боль у страўніку, дыярэю, слабасць, галаўны боль, санлівасць і парушэнне каардынацыі. Таксама могуць пасінець вусны, пазногці, твар і бачныя слізістыя абалонкі.

Разрэзаныя дыні раяць не купляць

Кавуны і дыні ўтрымліваюць шмат вільгаці і цукру, таму ў іх лёгка размнажаюцца мікраарганізмы. Асабліва высокая рызыка пры куплі ўжо разрэзаных пладоў: пакупнік не ведае, як даўно і ў якіх умовах іх разрэзалі.

Спецыялісты раяць купляць бахчавыя культуры толькі ў дазволеных месцах, старанна мыць іх перад ужываннем і захоўваць разрэзаныя плады ў халадзільніку не больш за суткі.