31-гадовую Кацярыну Барташэвіч, якая працавала намесніцай дырэктара школы ў Беняконях Воранаўскага раёна, асудзілі паводле дзвюх частак артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Ёй прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатнюю хімію», паведамляе «Наша Ніва».

Што вядома пра справу

Кацярыну Барташэвіч затрымалі вясной 2026 года. Справу разглядаў Гродзенскі абласны суд.

Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361−4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Які тэрмін абмежавання волі ёй прызначылі, не паведамляецца. Таксама невядома, якія менавіта дзеянні сталі падставай для крымінальнай справы.

Напачатку верасня Барташэвіч унеслі ў пералік асобаў, якіх беларускія ўлады лічаць датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці. У спісе пазначана, што яна нарадзілася ў 1995 годзе і асуджаная паводле дзвюх частак арт. 361−4 КК.

Працавала намесніцай дырэктара і настаўніцай

Кацярына Барташэвіч родам з Ліды, а ў апошнія гады жыла ў аграгарадку Беняконі. У мясцовай сярэдняй школе яна працавала намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце, а таксама выкладала фізічную культуру і здароўе.

У маі 2025 года Кацярына Барташэвіч прадстаўляла Беняконскую сярэднюю школу на раённым семінары, дзе расказвала пра арганізацыю прафарыентацыйнай работы ў навучальнай установе.

Яшчэ ў студзені 2026 года Барташэвіч удзельнічала ў спаборніцтвах «Воранаўская лыжня» як прадстаўніца Беняконскай школы. Яна заняла другое месца сярод жанчын-кіраўнікоў.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», вучні, якіх рыхтавала Барташэвіч, неаднаразова станавіліся прызёрамі раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды.