Жыхар Гродна апублікаваў відэа, у якім паведаміў, што яго незаконна, паводле яго слоў, пазбавілі арэнднага ўчастка. Мужчына звяртаўся ў розныя інстанцыі, але пытанне так і не вырашылася. У Гродзенскім гарвыканкаме пракаментавалі сітуацыю.

Размова ідзе аб арэндным участку для будаўніцтва часовай адкрытай аўтамабільнай стаянкі, па прадастаўленне якога мужчына звярнуўся ў 2001 годзе. Пра гэта «Гродна Плюс» распавялі ў гарвыканкаме.   

Дагавор арэнды заключылі на тры гады, пасля – працягнулі яшчэ на год. Такія кароткія тэрміны былі абумоўлены развіццём мікрараёна Фолюш – на гэтай тэрыторыі планавалася будаўніцтва школы. У гарвыканкаме сцвярджаюць, што гараджанін “наадрэз адмаўляўся вызваляць тэрыторыю”.

У выніку ўпаўнаважаная гарвыканкамам арганізацыя вызваліла арэндны ўчастак. Гродзенец палічыў, што ягоныя правы парушаныя — і пайшоў у суд.

Суды і адміністрацыі

Верагодна, далей адбыўся знос размешчаных на ўчастку пабудоў, паколькі, паводле слоў гараджаніна, у 2012 годзе суд прызнаў рашэнне гарвыканкама аб зносе пабудоў на ўчастку незаконным.

«Я выйграў. З 2012 года я неаднаразова быў на прыёме ў генеральнага пракурора, у старшыні Савета Рэспублікі, у адміністрацыях Прэзідэнта і іншых інстанцыях, але атрымліваў адпіскі. З тых часоў прайшло 14 гадоў, дамова арэнды двойчы падаўжалася, а значыць, па законе стала бестэрміновай», – кажа гродзенец.

Улады ў каментары не патлумачылі, пра якія пабудовы ідзе гаворка і ці выканалі яны рашэнне суда.

Улады не згодны

“Ніякай умовы, што дамова была бестэрміновай, не было”, — заявіў Віталій Шут, начальнік упраўлення землеўпарадкавання Гродзенскага гарвыканкама.

У 2018 годзе мужчына зноў звярнуўся ў суд з заявай, што гарвыканкам нібыта не выконвае папярэднія рашэнні суда. Верагодна, размова ішла аб рашэнні ад 2012 года.

Суд першай інстанцыі разгледзеў матэрыялы справы і адмовіў гродзенцу ў задавальненні заявы. Тады мужчына пайшоў у апеляцыйны суд – той пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без змен. Цяпер жа ён запісаў зварот да Лукашэнкі – і спадзяецца на яго дапамогу.

Чытайце таксама: Гродзенец звярнуўся да Лукашэнкі праз землю. Ён 11 гадоў спрачаецца з сям’ёй брата