У Гродзенскім абласным тэатры будзе працаваць 23-гадовая актрыса з Расіі Анастасія Абрашкіна. Яна пераехала ў Гродна з Масквы. Раней тут пачала працаваць рэжысёрка са Смаленска Аліна Сарокіна. Пры гэтым тэатр працягвае шукаць артыстаў і іншых супрацоўнікаў, а пасада галоўнага рэжысёра застаецца вакантнай ужо шэсць гадоў.

Пра пераезд і пачатак працы Абрашкіна расказала ў Instagram.

«Мой шлях у акцёрскай прафесіі пачаўся з пераезду ў іншую краіну. Гэтае рашэнне цалкам змяніла маё жыццё», — напісала яна.

Яшчэ ў маі актрыса-пачаткоўка расказвала, што ўбачыла вакансію ў Гродзенскім драмтэатры і прыехала на праслухоўванне.

«Убачыла вакансію, прыехала і адразу закахалася: у горад, у тэатр, у гэтую неверагодна моцную энергетычную прастору», — напісала Абрашкіна.

У той жа майскай публікацыі дзяўчына расказала, што займаецца дакументамі для пераезду.
І ўжо ў верасні актрыса напісала, што працуе ў гродзенскім драмтэатры.

Аднак на сайце ўстановы яна пакуль што ў складзе трупы не згадваецца.

У Гродзенскі драмтэатр прыйшла актрыса з Расіі. Яна скончыла ВНУ, дзе выкладаюць «зэтаўцы» Ахлабысцін і Пяўцоў
Анастасія Абрашкіна. Фота: скрын з відэа / instagram.com/_chernovtsy

Вучылася ў Маскве ў майстэрні Юрыя Чарнова

Абрашкіна скончыла маскоўскі Інстытут сучаснага мастацтва, дзе вучылася ў майстэрні народнага артыста Расіі Юрыя Чарнова.

ІСМ — недзяржаўная ВНУ, адкрытая ў 1992 годзе. Сярод выкладчыкаў тэатральнага факультэта — акцёры Іван Ахлабысцін, вядомы па ролі доктара Быкава ў серыяле «Інтэрны», Міхаіл Гаравы, Анатоль Гарачаў і Алена Цыплакова. Кафедру тэатральнага мастацтва ўзначальвае Дзмітрый Пяўцоў, дэканам факультэта працуе Вольга Драздова.

Ахлабысцін і Пяўцоў публічна падтрымліваюць вайну Расіі супраць Украіны. У верасні 2022 года Ахлабысцін выступіў на Чырвонай плошчы на мітынгу-канцэрце ў гонар анексіі ўкраінскіх тэрыторый, дзе заклікаў да «свяшчэннай вайны» і крычаў «Гойда!».

Пяўцоў падтрымаў расійскае ўварванне і ўдзельнічаў у зборы сродкаў на аснашчэнне расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку квадракоптарамі, цеплавізарамі і бронекамізэлькамі.
Алена Цыплакова таксама заклікала падтрымліваць расійскіх вайскоўцаў, а ад’езд часткі артыстаў называла магчымасцю для краіны «ачысціцца духоўна».

Вольга Драздова расказвала пра паездкі з франтавымі брыгадамі і паказы спектакля расійскім вайскоўцам у шпіталі і рэабілітацыйным цэнтры.
Кіраўнік майстэрні, дзе вучылася Абрашкіна, Юрый Чарноў таксама крытыкаваў артыстаў, якія з’ехалі з Расіі.

Каментуючы выказванні Максіма Галкіна супраць вайны ва Украіне, ён заявіў, што «СВА, як лакмус, выявіла, хто ёсць хто».

У Гродзенскі драмтэатр прыйшла актрыса з Расіі. Яна скончыла ВНУ, дзе выкладаюць «зэтаўцы» Ахлабысцін і Пяўцоў
Анастасія на ўзнагароджанні фестывалю «Першы план». Фота: instagram.com/an.abrashkina

«Але параспытвайце, дзе ранейшыя артысты»: што пісалі ў каментарыях

Пад публікацыяй Абрашкінай карыстальнікі жадалі ёй творчых поспехаў і абяцалі прыйсці на спектаклі. «Нечакана. Яшчэ і ў Гродне. Вельмі рады вам», — напісаў адзін з каментатараў.

Іншыя пыталіся пра ранейшую трупу. «Вельмі здорава, віншую. Але параспытвайце, дзе ранейшыя артысты», — гаворыцца ў адным з каментарыяў. Яшчэ адзін карыстальнік спытаў: «Пытанне толькі, куды мясцовыя артысты падзеліся, што з-за мяжы прыязджаюць».

Адна з удзельніц абмеркавання напісала: «Пры ўсёй павазе, мне балюча пра гэта чуць… Гэтае месца належыць іншым людзям. Гэта быў іх дом. Іх сцены. Іх паветра…»

У адказ Абрашкіна напісала, што прайшла адбор у рэжысёра і дырэктара і атрымала працу дзякуючы прафесіяналізму і стаўленню да справы.

«Я змагалася за гэтае месца, а не прыйшла на ўсё гатовае. У тэатры патрэбныя былі акцёры, значыць, не проста так, і кіраўніцтва праводзіла адбор», — напісала яна. На пытанне пра мясцовых артыстаў актрыса адказала, што ў тэатры працуюць і акцёры з Беларусі.

Пыталіся ў Абрашкінай і пра веданне беларускай мовы. Яна расказала, што цяпер вучыць яе: «Большасць спектакляў іграюцца на рускай мове, але мне хочацца іграць спектаклі на беларускай мове».

родзенскі тэатр некалькі гадоў шукае супрацоўнікаў

Пасада галоўнага рэжысёра ў Гродзенскім драмтэатры застаецца вакантнай ужо шэсць гадоў. Тэатр таксама шукае намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці — гэтая вакансія размешчана на яго сайце.

Намесніка дырэктара шукаюць з верасня 2024 года. Тады Дзмітрыя Чыліку, які займаў гэтую пасаду, пачалі судзіць за хабар, а звесткі пра яго зніклі з сайта тэатра. Пазней Чыліку прысудзілі пяць гадоў калоніі за атрыманне хабару ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 430 КК.

Таксама тэатр шукае галоўнага мастака, мастака па святле, інжынера-энергетыка, інжынера па пажарнай бяспецы, машыніста сцэны і прыбіральшчыка памяшканняў. Вакансіі галоўнага бухгалтара і асвятляльніка пазначаны як перспектыўныя.

На сайце Дзяржаўнай службы занятасці таксама размешчаны дзве аб’явы пра вакансіі артыста драмы ў Гродзенскім драмтэатры. У абедзвюх аб’явах прапануюць поўную стаўку і заробак 950–1000 рублёў. Патрабаваная адукацыя — сярэдняя спецыяльная.

Усяго на сайце Дзяржаўнай службы занятасці апублікаваны 222 вакансіі артыстаў па Беларусі, з іх 29 — у Гродзенскай вобласці. Супрацоўнікаў шукаюць, у прыватнасці, ансамбль «Белыя Росы», Гродзенская капэла і абласная філармонія.

У Гродзенскі драмтэатр прыйшла актрыса з Расіі. Яна скончыла ВНУ, дзе выкладаюць «зэтаўцы» Ахлабысцін і Пяўцоў
Артысты драмтэатра збіраюць рэчы пасля звальнення 27 кастрычніка 2020 года. Фота: з архіва

У 2020 годзе рэжысёраў звольнілі пасля абвяшчэння забастоўкі

27 кастрычніка 2020 года з Гродзенскага драмтэатра звольнілі галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта і рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Курыленку. Раней яны абвясцілі пра далучэнне да забастоўкі. Як рэжысёры паведамілі Hrodna.life, іх звольнілі за адмову ад выканання службовых абавязкаў.

Мушперт да таго моманту прапрацаваў у тэатры 26 гадоў, Курыленка — 40. За два тыдні да звальнення Мушперт атрымаў дзве вымовы за тое, што своечасова не прадставіў план пастановак на наступны год.

У верасні таго ж года звольнілі акцёра Ігара Уланава. Раней ён адмовіўся падпісаць тлумачальную запіску з нагоды спыненага 20 верасня спектакля.

Пасля звальнення Курыленкі ў тэатр са Слоніма прыйшоў рэжысёр Сяргей Яскевіч.

У снежні 2025 года стала вядома, што ў Гродзенскім драмтэатры пачала працаваць рэжысёркай-пастаноўшчыцай Аліна Сарокіна з Расіі. Яна скончыла ГІТІС і да пераезду дзесяць гадоў працавала ў Смаленскім драматычным тэатры імя Грыбаедава.

Улетку 2025 года Сарокіна пагутарыла з дырэктаркай тэатра Вольгай Багдановіч і вырашыла паспрабаваць сябе ў Гродне. Першай яе пастаноўкай тут стаў «Шчаўкунок».

У будучых спектаклях Сарокіна хацела надаць увагу гісторыі і адлюстраваць яе так, каб яна была зразумелая гледачу, «улічваючы менталітэт і культурныя асаблівасці».